скрыншот з відэа

Ліда вызначылася чарговым абсурдным флэш-мобам. На гэта звярнула ўвагу “Наша Ніва”.

Як ужо звыкла перад днямі галасавання на кожных лукашэнкаўскіх выбарах, па ўсіх прапагандысцкіх каналах ідзе агітацыя за тое, каб людзі галасавалі датэрмінова. Ладзіцца і своеасаблівы флэшмоб, падчас якога людзі на відэа тлумачаць, чаму ім няма часу схадзіць укінуць бюлетэнь у нядзелю. Пры гэтым многія аргументы выглядаюць, мякка кажучы, непераканаўча.

Напрыклад, Лідская ЖКГ запусціла ролік, у якім шасцёра жанчын зграбаюць уздоўж дарогі апалую лістоту, а напрыканцы хорам заяўляюць:

«Мы датэрмінова пойдзем галасаваць, таму, што будзем прыбіраць горад у дзень выбараў».

Звяртае на сябе ўвагу нелагічнасць самога дзеяння: дзеля чаго жанчыны мусяць выходзіць прыбіраць горад менавіта ў выхадны дзень, ды яшчэ ў такім рэжыме, што не могуць нават ненадоўга адвіхнуцца для ўкідання бюлетэня? І чаму тады ў афіцыйны працоўны дзень у іх час час наведаць участак акурат ёсць?

Але найбольш здзіўляе характар работ, якія жанчыны цяпер нібыта так тэрмінова мусяць выканаць. Зграбанне сухой лістоты — відавочна не зімовая праца, у студзені ў прынцыпе мусіў бы ляжаць снег. Таму гэтую працу жанчыны павінны былі б выконваць увосень, адразу пасля таго, як тое лісце нападала, калі не планавалася пакідаць яго да вясны. Таму імкнучыся паказаць выключную дбайнасць, стваральнікі роліка падкрэсліваюць хутчэй адваротнае.