
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, удзельнік Беларускай Народнай Самапомачы, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША) Аляксандар Стагановіч нарадзіўся 25 студзеня 1890 году ў вёсцы Нясутычы (Наваградскі р-н).
У час Першай сусветнай вайны быў у складзе Расейскага экспедыцыйнага корпуса ў Францыі.
У 1920 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У 1925 годзе ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду. У 1928 годзе вылучаны дэпутатам ад Наваградскай акругі ў польскі сойм па спісе «Змагання за Інтарэсы Работнікаў і Сялян» (Zmahańnie za Intaresy Robotnikau i Sielian), але за два дні да выбараў арыштаваны і зняволены. Пасля асабістага заступніцтва маршалка сойму вызвалены. У сойме падчас сваёй кадэнцыі быў сябрам скарбнікам Беларускага сялянска-работніцкага клуба «Змаганне». У канцы 1928 году адмовіўся ад дэпутацкага мандату на знак пратэсту супраць супрацоўніцтва з КПЗБ.
4 чэрвеня 1928 году большасцю галасоў дэпутатаў сойму быў пазбаўлены дэпутацкай недатыкальнасці, а пазней быў арыштаваны з абвінавачваннем у антыдзяржаўнай дзейнасці і за прыналежнасць да БСРГ, засуджаны на шэсць гадоў турмы. У лютым 1929 г. польскі сойм адабраў ягоны мандат.
У час Другой сусветнай вайны быў кіраўніком Беларускай народнай самапомачы на Наваградскую акругу. З лета 1944 году — у эміграцыі.
Адзін з ініцыятараў аднаўлення Рады БНР, браў удзел у з’едзе ў Остэргофене, дзе было заяўлена пра аднаўленне дзейнасці Рады. Пад канец 1940-х гг. выехаў у ЗША. Быў сябрам Беларуска-амерыканскага задзіночання, Згуртавання беларускіх ветэранаў і япархіяльнай Рады БАПЦ. З 1957 году — намеснік Прэзідэнта Рады БНР.
Памёр Аляксандар Стагановіч 28 снежня 1988 году. Пахаваны ў Іст-Брансуіку на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці.
Пасля смерці Аляксандра Стагановіча з дазволу і пры фундацыі дачкі Тамары Стагановіч былі надрукаваныя ўспаміны Аляксандра Стагановіча. «Успаміны пасла», яны былі першай кнігай у серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» выдавецтва «Лімарыус» ў 2011 годзе, потым яшчэ перавыдаваліся. У 2014 годзе пры падтрымцы Тамары Стагановіч была заснаваная прэмія за найлепшую кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў. Прэмія ўручалася ў 2015 і 2017 гадах.
