З-за браку подпісу Венгрыі Еўразвяз не змог апублікаваць супольную заяву 27 сваіх сябраў.

Прадстаўнікі Венгрыі заблакавалі супольную заяву краін Еўразвязу аб непрызнанні вынікаў выбараў у Беларусі, паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на крыніцы ў Бруселі.

Замест гэтага вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас і еўракамісар па палітыцы добрасуседства і пашырэння Марта Кос апублікавалі сваю заяву.

У дакуменце, у прыватнасці, падкрэслівалася, што выбары 26 студзеня не былі «ні свабоднымі, ні справядлівымі», а беларускі народ «заслугоўвае рэальнага голасу ў пытанні пра тое, хто будзе кіраваць яго краінай».

«Бязлітаснае здушэнне правоў чалавека, абмежаванні палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс усякай легітымнасці», — заявілі Калас і Кос.

Яны падкрэслілі, што Брусель працягне накладваць абмежаванні на лукашэнкаўскі рэжым, «адначасна аказваючы фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасці, беларускім дэмакратычным сілам у выгнанні і беларускай культуры».