Беларускі настаўнік, ваяр, дзеяч эміграцыі (ЗША) Філарэт Родзька нарадзіўся 27 студзеня 1890 году ў вёмцы Вераскава (Наваградчына).

Філарэт Родзька скончыў Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у в. Грычынавічы (сёньня Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобласьці). У 1915 г. мабілізаваны ў расейскае царскае войска, скончыў афіцэрскую школу, ваяваў на фронце, быў паранены. У 1918 г. вярнуўся на Палесьсе, далучыўся да арміі генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. У 1921 г. вярнуўся ў в. Вераскава, дзе працаваў кіраўніком школы.

У 1942—1943 гадах — настаўнік Наваградскай настаўніцкай семінарыі, з 1943 г.— дырэктар беларускай прагімназіі ў Наваградку. З 1944 г. — на эміграцыі. У ЗША з 1949 году. Браў удзел у нацыянальным руху ў ЗША, быў старшынём аддзелу БАЗА ў штаце Нью-Джэрсі, старшынём аддзелу Рады БНР у Нью-Джэрсі. Арганізаваў беларускую суботнюю школу, браў удзел у арганізацыі парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку, доўгі час быў рэгентам хору парафіі. Бацька Усевалада Родзькі і мастачкі Галіны Русак (Родзькі).