
Беларусы, якія вядуць ІП у Польшчы (jednoosobowa działalność gospodarcza), сутыкаюцца з праблемай: пры падачы на падаўжэнне ВНЖ яны страчваюць права весці бізнес. Паводле польскага заканадаўства, калі стары ВНЖ скончыўся, а новы яшчэ не выдадзены, іпэшнікі абавязаныя закрыць бізнес. Аднак без ІП яны пазбаўляюцца падставы для падаўжэння ВНЖ. Такое вось замкнёнае кола, якое для многіх робіцца праблемай і ў легалізацыі, і ў заробку.
Мацней гэтую праблему адчулі на сабе беларускія айцішнікі, якім за перыяд існавання праграмы Poland.Business Harbour (PBH) выдалі больш за 90 000 віз для працы ў Польшчы. Менавіта яны часцей за ўсё заключаюць кантракты B2B.
“Шэрую зону” яшчэ інакш называюць “дзірка №2”. Трапляючы ў яе, замежны іпэшнік у Польшчы часцяком працягвае весці дзейнасць. Праз рызыку, якую нясе спыненне ІП, беларусы цяпер выбіраюць варыянт не спыняць дзейнасць, каб не атрымаць адмову.
Але праблема тычыцца фактычна ўсіх іпэшнікаў. Цяпер яны стварылі петыцыю, каб “прыбраць дзіркі” ў законе. Паводле іх, каб гэтага не было, дастаткова дадаць “адну літару” ў закон.
Закон Польшчы ад 6 сакавіка 2018 года (Dz.U. 2018 poz. 649) дазваляе працягваць ІП у чаканні ВНЖ толькі некаторым катэгорыям, напрыклад, студэнтам і чальцам сем’яў грамадзянаў Польшчы. Для прадпрымальнікаў такое права не прадугледжанае.
Прадпрымальнікі катэгорыі H просяць унесці іх у пералік тых, каму дазволяць працаваць без своечасовага атрымання дакумента.
Між тым тэрміны разгляду заявак часта зацягваюцца да некалькіх гадоў замест вызначаных 60 дзён, асабліва ў Ніжнесілезскім і Паморскім ваяводствах.
Што прапануюць памяняць самі ІП
Беларускія іпэшнікі падрыхтавалі петыцыю. Яны мяркуюць, што для пазбягання ў будучыні “шэрай зоны” дастаткова ў закон дадаць адзін пункт.
Ён бы тычыўся людзей, якія вялі ІП, ужо мелі ВНЖ і цяпер знаходзяцца на разглядзе справы аб новым ВНЖ, як кажуць іпэшнікі, “на пячатцы”. Гэта значыць, што чалавек падаецца на новы ВНЖ (або іншую форму легалізацыі), яму ў пашпарт ставіцца пячатка аб тым, што яго справа на разглядзе.
“Гэтае змяненне ліквідуе дыскрымінацыю і дазволіць усім катэгорыям замежных прадпрымальнікаў працягваць сваю дзейнасць у чаканні рашэння аб выдачы віду на жыхарства”, — гаворыцца ў петыцыі іпэшнікаў.
Выдача віз Poland.Business Harbour спынілася ў пачатку мінулага года. Як паведамляла выданне Rzeczpospolita, з 2020 года да 30 верасня 2023 года МЗС Польшчы выдаў 93 512 віза РВН, з іх 88 529 атрымалі беларусы.
Перад тым як стварыць петыцыю, арганізатары правялі апытанне, каб зразумець, колькі людзей цяпер знаходзіцца ў “шэрай зоне”.
Еўрарадыё
