Зранку 27 студзеня ў сетку быў уключаны першы энергаблок Астравецкай АЭС. Амаль два месяцы на ім адбываўся “планава-папераджальны рамонт”.

“У рамках планава-папераджальнага рамонту былі выкананыя ўсе прадугледжаныя праграмай работы. Гэта дыягностыка і тэхнічнае абслугоўванне абсталявання, тэхналагічных сістэм, эксплуатацыйны кантроль металаабсталявання і трубаправодаў. У цяперашні час ажыццяўляецца рэгламентнае паэтапнае павелічэнне магутнасці на першым энергаблоку”, — расказаў віцэ-прэм’ер Віктар Каранкевіч.

Чыноўнік дадаў, што другі энергаблок працуе ў штатным рэжыме на намінальнай магутнасці і нясе нагрузку ў 1170 мгВт.

Першы энергаблок, як паведамлялася раней, адключылі на планава-папераджальны рамонт з 3 снежня 2024 года. Пазней стала вядома, што з 4 снежня адключаны і другі энергаблок — праз “спрацоўванне датчыка”. Адключэнне другога энергаблока ўлады прызналі толькі 19 снежня. Уключылі ў працу яго 24 студзеня.