У чацвер польскі Сейм пачне працу над пакетам законапраектаў, скіраваных на ўзмацненне палітыкі ў дачыненні да замежнікаў і рэгуляванне рынку працы. Яны могуць закрануць і беларусаў.

Што ж будуць абмяркоўваць парламентарыі на гэтым тыдні?

Ліквідацыя парушэнняў у візавай сістэме

Праект закона скіраваны на спыненне злоўжыванняў падчас атрымання замежнікамі студэнцкіх віз. Ён прадугледжвае рэфармаванне сістэмы выдачы нацыянальных віз студэнтам і сістэмы выдачы часовых відаў на жыхарства для навучання ва ўніверсітэце.

Напрыклад, кожны замежнік, які хоча пачаць навучанне ў Польшчы, падчас прыёму павінен будзе паказаць дакумент, які пацвярджае веданне мовы, на якой вядзецца навучанне, як мінімум на ўзроўні B2.

Універсітэты павінныя будуць інфармаваць органы пра выключэнне студэнта са спісу навучэнцаў.

У новых правілах выключаецца магчымасць пацверджання замежнікам ведання польскай мовы сертыфікатам пра заканчэнне сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы (szkoły policealnej). Гэта ўскладніць працэс падачы заявы на від на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС і атрыманне польскага грамадзянства.

Прадугледжаная магчымасць запісацца на прыём для атрымання візы анлайн, па-за сістэмай e-konsulat (або іншай спецыялізаванай платформы).

Працаўладкаванне замежнікаў

Прапануецца таксама новы закон, які рэгулюе выдачу дазволаў на працу і заявы пра намер працаўладкавання. Першапачаткова абмяркоўваўся абавязак заключаць з замежнікамі працоўныя дамовы, аднак ад гэтай ідэі адмовіліся.

Тым не менш, агенцтвы часовага працаўладкавання павінныя будуць заключаць з замежнікамі менавіта працоўныя дамовы (umowa o pracę). Таксама плануецца поўная цыфравізацыя працэсаў атрымання дазволаў і павелічэнне штрафаў за нелегальнае працаўладкаванне.


Закон для высокакваліфікаваных спецыялістаў

Папраўкі да закона пра замежнікаў скіраваныя на спрашчэнне атрымання “блакітнай карты ЕС” для высокакваліфікаваных работнікаў. Дэпутаты плануюць знізіць мінімальны тэрмін працоўнай дамовы з 12 да 6 месяцаў, а ўладальнікам “блакітнай карты” хочуць даць свабодны доступ да рынку працы і магчымасць весці прадпрымальніцкую дзейнасць нароўні з грамадзянамі Польшчы.


Рэформа службаў занятасці

Новы закон пра рынак працы заменіць дзейны ўжо больш за 20 гадоў закон пра прасоўванне занятасці. Ён прадугледжвае павышэнне стыпендый для беспрацоўных, якія ўдзельнічаюць у стажыроўках, увядзенне адукацыйных крэдытаў і павелічэнне памераў пазык на стварэнне працоўных месцаў.

Асноўная мэта — павышэнне эфектыўнасці службаў занятасці і актывізацыя беспрацоўных, у тым ліку незарэгістраваных.

Еўрарадыё