
У 2024 годзе 598 грамадзян Беларусі было прызнана пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы, паведамляе партал навінаў Delfi са спасылкай на Дэпартамент міграцыі пры МУС гэтай балтыйскай дзяржавы. Таксама пагрозай нацбяспецы было прызнана 125 расейцаў.
23 снежня стала вядома, што Міністэрства замежных спраў Літвы прапануе падоўжыць да 2 траўня 2026 года дзеянне закона аб абмежавальных мерах у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расеі. У абгрунтаванні адпаведнага рашэння адзначаецца, што вайна супраць Украіны, развязаная Расеяй, працягваецца, таму прычыны для прыняцця закона “не зніклі”. Пры гэтым спікер Сейма Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв’ю BNS не выключыў магчымасці ўзмацнення жорсткасці абмежавальных мер.
