5 лютага пачаўся чарговы суд над палітвязнем з Гародні Уладзімірам Кнігам.

Нагадаем, фігуранта “справы Ціханоўскага” ўтрымліваюць у няволі амаль чатыры з паловай гады, з іх больш за год і тры месяцы — у рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам.

Летась палітвязню дадалі яшчэ адзін год зняволення паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі) і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Па інфармацыі “Вясны”, там на Уладзіміра працягваюць ціснуць: яго змясцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэнні. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў. 

5 лютага суд Барысаўскага раёна пачаў разглядаць ужо другую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Карны працэс вядзе суддзя Людміла Зінкевіч. Палітвязню пагражае дадакова да 1 года зняволення.