Паліна Шарэнда-Панасюк выехала з Беларусі і 6 лютага, прыехала ў Вільню. На вакзале яе чакалі муж Андрэй Шарэнда і шмат іншых беларусаў. Былая палітзняволеная ўпершыню за чатыры гады абняла мужа.

Гаворыць Паліна Шарэнда-Панасюк:

-Усе гады, што я была за кратамі, я вельмі доўга ўяўляла гэты момант. Вялікі вам усім дзякуй! Гэта як уваскрашэнне з мёртвых. У пэўны момант я думала, што ўжо ніколі не выйду. У 2020 годзе мы не дарабілі справу. Мы мусім дарабіць гэтую справу. Мы мусім ствараць новую нацыю. Жыве Беларусь!

«Нічога не скончылася, — сказала Паліна Шарэнда-Панасюк. — Скончыцца, калі ўсе выйдуць». Яна заклікала рабіць усё магчымае, каб вызваліць людзей з-за кратаў. Таксама Паліна сказала, што плануе даць прэсавую канферэнцыю і адказаць на ўсе пытанні.