Мужная беларуская Жанна д’Арк, Паліна Шарэнда-Панасюк, на волі і ў бяспецы. Яна была асуджаная без віны і правяла больш за чатыры гады ў вязніцы дыктатара ў жудасных умовах. Падчас зняволення перанесла жорсткія катаванні, а яе здароўе было сур’ёзна падарванае.

Па словах Паліны, у Рэчыцкай калоніі для жанчын-рэцэдывістак штогод гінуць вязні:

— Калі чалавек мае нейкае хранічнае захворванне ці яшчэ штосьці, у чаканні гэтай дапамогі, пакуль дазволяць хоць нейкае абследаванне, чалавек можа проста “загнуцца”. Стабільна па тры, па чатыры, па пяць трупаў на год яны маюць у гэтай калоніі.

На яе думку, для вызвалення палітвязняў робіцца недастаткова, не ва ўсе дзверы грукаюцца:

— Проста ганебна, што за 4 гады нікога не выцягнулі. Тут нейкія ўзаемныя сваркі, разборкі, а там людзі проста паміраюць, там людзей катуюць.

Крымінальнікі вызваляюць сваіх, а палітыкі не змаглі вырваць з жудасных умоў тых, хто ахвяраваў сабою дзеля свабоды і дэмакратыі, — з горыччу кажа Паліна Шарэнда-Панасюк.

Прэс-канферэнцыя з вядомай ва ўсім свеце былой палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк адбудзецца ў Вільні ў панядзелак, 10 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя