
У студзені 2025 года быў абноўлены Webometrics — глабальны рэйтынг вну, які складае іспанскі даследчы цэнтр CSIC, заўважыў канал “De facto. Беларуская навука”. Сутнасць рэйтынгу ў паказчыку лічбавай актыўнасці: цытуемасці навуковых прац, вэб-відавочнасці ўніверсітэта, колькасці публікацый і г.д. Ён арыентаваны на навуковую актыўнасць універсітэтаў, а не на іх акадэмічныя дасягненні.
Пазіцыі пяці найлепшых беларускіх вну ў новым рэйтынгу:
- БДУ — 1202 пазіцыя (пяць гадоў таму — 763, год таму — 1048);
- Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — 3413 (пяць гадоў таму — 4248, год таму — 3275);
- Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы — 3627 (пяць гадоў таму — 3326, год таму — 3456);
- БДУІР — 3993 (пяць гадоў таму — 3719, год таму — 3913);
- БНТУ — 4376 (пяць гадоў таму — 2536, год таму — 4170).
Гэты рэйтынг складаецца групай Cybermetrics, якая ўваходзіць у склад Нацыянальнага даследчага савета Іспаніі (CSIC), і ўключае амаль 32 000 вышэйшых навучальных устаноў з усяго свету. Ён публікуецца з 2004 года з мэтай прасоўвання адкрытага доступу да ведаў, ствараемых універсітэтамі.
Мадэль рэйтынгу заснаваная на вэбаметрычных і бібліаметрычных паказчыках, якія збіраюцца з надзейных крыніц, такіх як Majestic, Google Scholar і Scimago-Scopus. Рэйтынг не ацэньвае якасць адукацыі, узровень выкладання і рэпутацыю выпускнікоў.
Яго не варта параўноўваць з такімі прэстыжнымі рэйтынгамі, як QS, THE (Times Higher Education) або ARWU (Шанхайскі рэйтынг). Ён адлюстроўвае навуковую актыўнасць ВНУ.
Еўрарадыё
