
45 гадоў таму (1980) – У Гародні памёр Браніслаў Ржэўскі, беларускі літаратуразнавец, педагог, дысідэнт, палітычны вязень. Пахаваны на гарадзенскіх могілках па прасьп. Касманаўтаў.
Беларускі літаратуразнавец, педагог, дысідэнт, палітычны вязень Браніслаў Ржэўскі нарадзіўся 25 сакавіка 1905 году ў вёсцы Добрыцкае, Барысаўскі раён.
У 1927 годзе скончыў педагагічны тэхнікум у Барысаве і да 1930 года працаваў настаўнікам у сёлах Гомельшчыны. У перыяд з 1930-га па 1940-ы год скончыў Магілёўскі педінстытут, працаваў у адукацыйных установах Магілёва. З сакавіка 1940 да чэрвеня 1941 года працаваў у Баранавічах дырэктарам польскай сярэдняй школы імя Міцкевіча.
У другую сусветную вайну браў актыўны ўдзел у антыгітлераўскім супраціве – на тэрыторыі былой Баранавіцкай вобласці стварыў падпольную дыверсійную групу “Барыса”, якой кіраваў. Група ўвайшла ў кантакт і падтрымлівала сувязь з савецкімі партызанамі. Ржэўскі быў прызначаны рэдактарам газеты “Перамога” – органа Навамышскага райкама КП(б)Б. За ўдзел у партызанскім руху быў узнагароджаны.
З кастрычніка 1944 па 1955 год працаваў выкладчыкам і загадваў катадрай мовы і літаратуры ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. Там стварыў гурток па зборы і вывучэнні вуснай народнай творчасці, ваеннага фальклору. Уваходзіў у склад Камісіі па зборы матэрыялаў аб злачынствах фашыстаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У 1952 годзе абараніў дысертацыю пра творчасць беларускага паэта Максіма Танка, стаў кандыдатам філалагічных навук. У 1955 г. пераехаў у Гародню і да 1957 года выкладаў беларускую літаратуру ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце.
Узмацняўся прэсінг на беларускае нацыянальнае жыццё, паступова ліквідавалася беларуская школа. Актыўна праводзілася палітыка русіфікацыі, якая трохі пазней, у 1959 годзе, была абвешчаная Мікітам Хрушчовым у час яго візіту ў Менск праграмнай лініяй. У сярэдзіне 50-ых гадоў Ржэўскі пачаў уласную кампанію публічных зваротаў да ўладаў, пісаў лісты ў цэнтральныя беларускія газеты і ўстановы, звяртаўся да вядомых дзеячаў БССР. У зваротах у рэзкай форме пісаў пра палітыку, якая праводзілася ў Беларусі, пра адміністрацыйныя абмежаванні беларускай мовы ў сферы адукацыі, культуры і публічнага жыцця. Арганізаваў напісанне студэнтамі інстытуту, сярод якіх быў вельмі папулярны, заяваў пра становішча нацыянальнай мовы.
16.02.1957 арыштаваны проста на лекцыі ў інстытуце, у яго доме быў праведзены ператрус. 21.02.1957 праведзены паўторны ператрус, у выніку якога з асабістай бібліятэкі былі канфіскаваныя кнігі, пераважна выдадзеныя ў міжваенны прыяд у Заходняй Беларусі, кнігі беларускіх антыкамуністычных аўтараў (Францішка Аляхновіча, ксяндза Адама Станкевіча і інш.). Канфіскаваныя баявыя ўзнагароды, а таксама рукапісы вершаў, у якіх Сталін называўся забойцам, Няронам і Чынгізханам, а беларусы заклікаліся да вызвалення.

У абарону Ржэўскага была праведзеная грамадская кампанія. Сяляне в. Скарчэва, дзе ў пачатку вайны ён жыў, сабралі 35 подпісаў у яго абарону. Асобна склала хадайніцтва група мясцовых дэпутатаў. 25.03.1957 засуджаны Гарадзенскім абласным судом паводле артыкулу 72 Крымінальнага кодэксу БССР на 7 год пазбаўлення волі. Трапіў у лягеры ГУЛАГу, калі тысячы людзей выходзілі з іх. У зняволенні працягваў кампанію петыцыяў. Прыкладам накіраваў сябру Прэзідыуму ЦК КПСС Фурцавай ліст пра становішча беларускай мовы ў БССР. Тэрмін адбываў у Дуброўлагу (Мардовія). У 1961 годзе Пленум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў справу і датэрмінова яго вызваліў.
Пасля вяртання ў Гародню апынуўся ў атмасферы ізаляцыі: пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы і рэцэнзіі, але публікаваць іх было забаронена; шлях у вышэйшую школу быў закрыты. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганізаваны нагляд КГБ. 29-га сакавіка 1990 года пасмяротна рэабілітаваны. З тых твораў, якія ня былі забраныя КГБ у час ператрусаў, з літаратурнай спадчыны засталася нязначная частка.
“Ёсць у людской мове добрае, адменнае слова. Яно святлом сваім роўнае сонцу, а сілай – мацней любога асілка. Яго ўсемагутнае, уладарнае і жыватворнае. Сляпому – гэта слова дае зрок, глухому – слых, нямому – вяртае мову. А хто трапіў у палон безнадзейнасці і роспачы, яно вяртае яму веру ў шчаслівы лёс, дае крылы для ўзлёту і сталёвую сілу для барацьбы”.
Пахаваны ў Гародні на могілках па праспекце Касманаўтаў. У 1989 годзе беларускі часопіс “Крыніца” упершыню апублікаваў фрагмент успамінаў пра Ржэўскага.

