
Некалькі дзён таму паведамлялася, што ў паштовыя аддзяленні прыйшлі абноўленыя спісы асуджаных, якім забаронена перасылаць грошы. Супрацоўнікі пошты растлумачылі, што спісы прыйшлі з Мінска і тычацца палітычных вязняў. Але аказалася, што гэта яшчэ не ўсё, піша Mayday.team.
Пачынаючы з лютага, паштовыя работнікі сталі ў абавязковым парадку правяраць пашпарты грамадзян, якія пералічваюць грошы ў калоніі.
Пасылаць грошы вязням могуць толькі іх блізкія сваякі. Раней было дастаткова назваць іх пашпартныя даныя і адправіць суму. Цяпер жа супрацоўнікі пошты павінны правяраць асобу адпраўніка.
Супрацоўнікі пошты неафіцыйна тлумачаць, што такое распараджэнне прыйшло з сістэмы Дэпартамента выканання пакаранняў, аднак не могуць сказаць, на якім менавіта ўзроўні прынятая пастанова.
Пры гэтым у некаторых выпадках на поштах правінцыйных гарадоў пераводы ў калоніі пасля 1 лютага прымаліся па-ранейшаму без праверкі пашпарта. Аднак у абласных цэнтрах зафіксаваныя некалькі выпадкаў, калі ў сваякоў асуджаных пры афармленні паштовага пераводу пыталіся пра другое грамадзянства, пражыванне па адрасе прапіскі і працаўладкаванне.
