
У Польшчы ў следчых ізалятарах і турмах знаходзіцца 2575 замежнікаў з 78 краін свету, паведамляе польская турэмная служба, піша агенцтва PAP.
Больш за ўсё ўкраінцаў (1313), грузін (305) і беларусаў (140). Але варта адзначыць, што ўкраінцаў і беларусаў найбольш сярод замежнікаў, якія жывуць у Польшчы.
Калі паглядзець на лічбу замежнікаў, якія афіцыйна працаўладкаваны ў Польшчы, то на першым месцы будуць украінцы (780 тысяч чалавек па стане на кастрычнік 2024 года, па звестках Упраўлення сацыяльнага страхавання Польшчы) і беларусы (135 тысяч). Грузіны па гэтай статыстыцы на трэцім месцы — амаль 27 тысяч легальна працаўладкаваны ў Польшчы. Калі казаць пра лічбы тых, хто пражывае там, то яны, зразумела, будуць істотна большыя.
Ёсць таксама ў польскіх ізалятарах грамадзяне Малдовы (106), Расіі (82), Румыніі (53), Арменіі (44), Літвы (41), Балгарыі (39), Чэхіі (28), Германіі (24), Нігерыі (21), Турцыі (20), Калумбіі (18), а таксама Туркменістана (19) і Узбекістана (19), Славакіі (19), 16), В’етнама (12) Казахстана (12). Такая статыстыка прыводзіцца па стане на 31 студзеня 2025 года.
Грамадзянства 60 замежнікаў не вызначана, а пяцёра зняволеных — асобы без грамадзянства.
«Каталог злачынстваў, за якія гэтыя асобы былі асуджаныя, вельмі шырокі. Ад злачынстваў супраць маёмасці, жыцця і здароўя да крадзяжоў і рабаванняў», — сказала прэс-сакратар турэмнай службы падпалкоўнік Арлета Пэнцонек.
Наша Ніва
