
У 2025 годзе беларускія студэнты ў Польшчы сутыкнуцца з новымі зменамі ў сістэме паступлення і навучання. Прадстаўніца Маладзёжнага блока фракцыі Каардынацыйнай рады Ліза Пракопчык правяла аналіз польскіх законапраектаў і прадставіла змены, якія закрануць і беларусаў.
У дакуменце, акрамя адукацыі, закранаецца шырокі спектр пытанняў: ад атрымання грамадзянства да вядзення камерцыйнай дзейнасці.
Што змянілася за апошнія гады?
Пасля адмены ў 2022 годзе пагаднення аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі беларускія абітурыенты сутыкнуліся з цяжкасцямі пры паступленні ў польскія вну. Працэс пацвярджэння атэстата стаў больш складаным. У 2024 годзе сітуацыя яшчэ больш пагоршылася: Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу даведак, якія пацвярджаюць сапраўднасць атэстатаў.
І хоць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда аператыўна падпісаў папраўкі, што спрашчаюць прызнанне беларускіх атэстатаў, на практыцы многія ўніверсітэты працягваюць прад’яўляць дадатковыя патрабаванні, перашкаджаючы працэсу паступлення.
Галоўныя змены ў 2025 годзе
Дадатковыя экзамены. Універсітэты ўводзяць абавязковае тэставанне замежных студэнтаў для пацвярджэння іх ведаў па абранай спецыяльнасці.
Строгі ўлік студэнтаў. Вну цяпер абавязаны весці базу дадзеных пра замежных навучэнцаў, а за невыкананне патрабаванняў прадугледжаны штрафы.
Абмежаванні для ўніверсітэтаў. Установы, дзе іншаземцы складаюць больш за 50% студэнтаў, не змогуць прымаць новых навучэнцаў. Акрамя таго, прыём замежных студэнтаў забаронены ў вну, якія існуюць менш за пяць гадоў.
Праверка мэтаў знаходжання. Візы з паметкай “студэнт” могуць быць ануляваныя, калі высветліцца, што іншаземец не займаецца навучаннем.
Новы працэс прызнання атэстатаў. Цяпер абітурыенты павінны пацвярджаць права на працяг адукацыі праз Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену (NAWA).
Еўрарадыё
