Згодна з раскладам судоў у Гародні пачаўся чарговы карны працэс па палітычнай крымінальнай справе. Чарговы на лаве падсудных – Максім Падтэрэгер.

Працэс пачаўся 18 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Гародні. Падтэрэгера вінавацяць паводле часкі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што моцна парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Вядзе карны працэс суддзя Маргарыта Ланцэвіч. У яе вельмі багаты паслужны спіс палітычных спраў.  На яе рахунку ўжо дзясяткі палітычных прысудаў. Так яна засудзіла Мікіту Машуту да двух гадоў хіміі, Сцяпана Задойку да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Вольгу Ключнікаву да “хатняй хіміі”, Вячаслава Янюка да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Артура Хлуса да пяці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Антона Навумава да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у “выхаваўчую” установу адкрытага тыпу, Сцяпана Васілевіча да двух гадоў “хіміі”, Ціхана Шлюхціца да аднаго году і трох месяцаў калоніі агульнага рэжыму, ды іншых.