
Вярхоўны суд апублікаваў статыстыку аб крымінальных справах, разгледжаных судамі ў 2024 годзе, але схаваў даныя аб «палітычных» прысудах
Згодна з апублікаванай статыстыкай, за мінулы год суды агульнай юрысдыкцыі вынеслі прысуды па 29 162 крымінальных справах. Па іх было асуджана 31410 чалавек, піша reform (https://reformby.org/politicheskie-prigovory-skryli-v-obshhej-sudebnoj-statistike-za-god).
Даныя па палітычна матываваных справах патрапілі толькі ў асобную статыстыку па асуджаных непаўналетніх. Усяго летась прысуды былі вынесены 593 падлеткам. З іх 152 чалавекі атрымалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Колькасць непаўналетніх, асуджаных па «палітычных» артыкулах:
- «распальванне варожасці» — 3 чалавекі,
- «масавыя беспарадкі» — 2 чалавекі,
- «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» — 29 чалавек,
- «абраза Лукашэнкі» — 3 чалавекі,
- «заклікі да санкцый» — 2 чалавекі,
- «здрада дзяржаве» — 1 чалавек,
- «абраза прадстаўніка ўлады» — 1 чалавек.
