Актывістка грамадска-палітычных арганізацый у Гародні, сябра Кансэрватыўна Хрысціянскай Партыі БНФ Часлава Семяновіч (дзявочае прозвішча Садоўская) нарадзілася 23 лютага 1930 году на Смаргоншчыне. Бальшыню свайго жыццёвага шляху прайшла ў Гародні.

Часлава Антонаўна была для гарадзенцаў прыкладам самаахвярнасці, яна была шчырай хрысціянскай верніцай і незаменным чалавекам у зборы подпісаў пад рознымі грамадскімі зваротамі. Заўсёды адкрыта і смела выказвала свае погляды, асабліва не любіла камуністаў і іх ідэалогію. А сама пры тым была настолькі сціплым чалавекам, што ў інтэрнэце нават цяжка адшукаць яе фотаздымак.

Зянон Пазьняк так напісаў пра Чаславу Семяновіч у 2007 годзе:

“Змагарная беларуска надзвычайнай шчырасьці, надзейнасьці і перакананьня. Часлава Антонаўна моцна любіла Беларусь сваім шчырым сэрцам. Гэтая яе сардэчная любоў да Бацькаўшчыны, шчырасьць, справядлівасьць і пабожны розум дазвалялі ёй беспамылкова арыентавацца ў складаных перэпетыях палітыкі і дачыненьняў, бо крытэрыем была Беларусь і справядлівасьць дзеля Беларусі.

На такіх людзях як Часлава Антонаўна заўсёды трымаецца моцная і праўдзівая ідэя, бо яны здольныя ахвяравацца дзеля яе. Змаганьне без такіх людзей, часам сьціплых і непрыкметных, — мёртвае. Яны, такія людзі, надаюць яму сацыяльны грунт і грамадзкую сілу.

Я ведаў Чаславу Антонаўну асабіста, ня раз з сябрамі-фронтаўцамі бываў у Гародні ў яе гасьцінным доме. Добрая памяць пра яе застанецца ў мяне назаўсёды. Няхай жа хораша будзе ёй на тым сьвеце. Няхай убачыць адтуль дарагую нашу Беларусь вольнай моцнай і дасканалай. Хай будзе спакой яе шчырай і вернай душы…”..

Памерла Часлава Семяновіч 25 красавіка 2007 года. Пахавана на могілках па праспекце Касманаўтаў.