фота Гарадзенскай праваабароны ілюстрацыйнае

У Гарадзенскай вобласці за апошнія тры гады з 20 атэставаных гідаў-перакладчыкаў засталося толькі 11. Хоць і турыстаў, і экскурсаводаў стала больш.

У самой Гародні гідаў-перакладчыкаў засталося ўсяго сем, яшчэ два працуюць у Гарадзенскім раёне. Яны абслугоўваюць іншаамоўныя экскурсіі на Аўгустоўскім канале, у Свяцку ды іншых месцах, расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкаму Максім Малахоўскі ў інтэрв’ю “Гродзенскай праўдзе”.

Змяншэнне колькасці гідаў-перакладчыкаў тлумачыцца проста: 80% замежных турыстаў у Гародню цяпер прыязджаюць з Расеі.

Затое ў вобласці вырасла колькасць экскурсаводаў — ад 122 (столькі іх было ў 2011-м) да 161. У Гародні цяпер працуе 81 экскурсавод, у Наваградскім раёне — 16 і ў Лідскім — 14. Па колькасці экскурсаводаў Гарадзеншчыну апярэджвае толькі Менск. Хоць усе гэтыя лічбы выглядаюць мізэрнымі ў параўнанні з гарадамі суседніх краінаў.

Новыя правілы для экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў пачалі дзеіць з 1 студзеня 2023 года. Адно з новых патрабаванняў — забарона на прафесію, калі раней экскурсавода судзілі паводле “палітычнага” артыкула, нават калі судзімасць была знятая або пераслед спынілі.