фота ілюстрацыйнае

За мінулы год Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату страціла 68 абшчын і два брацтвы. Афіцыйную статыстыку прааналізаваў сайт katolik.life.

На сёння БПЦ мае 1669 рэлігійных суполак, а год таму (1 студзеня 2024-га) іх было 1737. Таксама за год скарацілася колькасць праваслаўных брацтваў — ад 15 да 13.

Хутчэй за ўсё, гэта звязана з перарэгістрацыяй рэлігійных арганізацый, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі. І гэты працэс яшчэ не завяршыўся.

А вось колькасць цэркваў БПЦ за год вырасла. Дзейных стала на дзве больш (цяпер 1880), а тых, якія будуюцца, — на шэсць (153).

Статыстыкі па каталіцкім Касцёле пакуль няма. Але katolik.life піша, што колькасць каталіцкіх суполак за год таксама скарацілася — іх засталося менш за 500.