1 сакавіка

65 гадоў таму (1960) – У Барысаве памёр Віктар Шутовіч, беларускі культурны дзеяч, каталіцкі сьвятар, вязень савецкіх канцлягероў. Нараджэнец в. Шутавічы (Смургонскі р-н). Пахаваны на барысаўскіх каталіцкіх могілках.

15 гадоў таму (2010) – У Чыкага памёр Вітаўт Рамук, беларускі грамадзка-культурны дзеяч у эміграцыі (Германія, Бельгія, Вялікабрытанія, ЗША). У 1922-26 жыў і працаваў у Ліпнішках (Івейскі р-н), у 1941-44 – у Лідзе.

4 сакавіка

135 гадоў таму (1890) – У мяст. Гальшаны (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Вінцук Адважны (сапр. Язэп Германовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, паэт, дзеяч эміграцыі (Італія, Вялікабрытанія).

5 гадоў таму (2020) – У Калодзішчах пад Менскам памерла Надзея Дземідовіч,  удзельніца беларускага нацыянальнага супраціву, сябра СБМ, палітзняволеная ГУЛАГу, удзельніца Кенгірскага паўстаньня 1954 г., мемуарыстка. Пахаваная ў в. Каралёў Стан (Менскі р-н). Нараджэнка хутару Макейкі (Слонімскі р-н).

5 сакавіка

130 гадоў таму (1895) – У в. Кашанцы (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Каваленя, беларускі археолаг.

95 гадоў таму (1930) – У в. Грабава (Зэльвенскі р-н) нарадзіўся Павел Сцяцко, беларускі мовазнавец і педагог.

25 гадоў таму (2000) – У Рыме былі беатыфікаваныя 11 сясьцёр-назарэтанак, расстраляных гітлераўцамі ў 1943-ым каля Наваградку.

8 сакавіка

115 гадоў таму (1910) – У мяст. Турэц (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Пятро Конюх, беларускі сьпявак, дзеяч эміграцыі (Італія, Бельгія, ЗША, Канада).

10 сакавіка

20 гадоў таму (2005) – У Гародні памёр Апанас Цыхун, беларускі краязнавец, педагог, пісьменьнік. Пахаваны на могілках па прасп. Касманаўтаў. Нараджэнец в. Кунцаўшчына (Гарадзенскі р-н).

13 сакавіка

305гадоў таму (1720) – У Гародні памёр Казімір Ян Сапега (нар. у 1637 ці 1642 г.), дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Пахаваны ў Бярозе-Картузскай.

135 гадоў таму (1890) – У в. Малая Лапеніца (Ваўкавыскі р-н) нарадзіўся Аляксандар Савіч, беларускі гісторык, апалягет беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

14 сакавіка

35 гадоў таму (1990) – У Джэксане (штат Нью-Джэрсі, ЗША) памёр Аляксандар Асіпчык, царкоўны дзеяч у эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Нараджэнец Слоніма.

15 сакавіка

615 гадоў таму (1410) – Напад крыжацкіх палкоў на Ваўкавыск з мэтай забойства князя Вітаўта.

17 сакавіка

195 гадоў таму (1830) – Памёр Рудольф Тызенгаўз, уладаньнік мястэчка Жалудок, удзельнік вайны 1812 г. на баку Напалеона. Пахаваны ў Жалудку.

18 сакавіка

430 гадоў таму (1595) – Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зацьвердзіў герб Наваградку: “у чырвоным полі постаць арханёла Міхала ў чорным узбраеньні з крыламі за сьпінай, у правай руцэ меч, у левай – шалі”.

15 гадоў таму (2010) – У Мельбурне (Аўстралія) памёр Аляксандр Кулакоўскі, беларускі праваслаўны сьвятар. Нараджэнец в. Тулічава (Наваградзкі р-н).

19 сакавіка

130 гадоў таму (1895) – У в. Паляны (Смургонскі р-н) нарадзіўся Тамаш Грыб, беларускі палітычны і культурны дзеяч.

35 гадоў таму (1990) – У Аўстраліі памёр Аляксандар Смаль (нар. у 1903 г. у в. Краскоўскія Горы, Наваградзкі р-н), вучыўся ў Наваградзкай Беларускай гімназіі, дзеяч беларускай эміграцыі.

20 сакавіка

585 гадоў таму (1440) – У Троках у выніку змовы забіты Жыгімонт Кейстутавіч (нар. каля 1365 г.), вялікі князь ВКЛ у 1432-40 гг.

165 гадоў таму (1860) – У Вішэры (Курская губ., Расея) нарадзілася Марыя Гажыч (дзявочае Хшчаноўская), мастачка, рэстаўратарка, якая жыла ў Гародні, часта наведвала родавы маёнтак Сегенеўшчына (Ваўкавыскі р-н). Выканала шэраг абразоў для гарадзенскіх касьцёлаў.

150 гадоў таму (1875) – У в. Бойме (гміна Котунь Сядлецкага павету Мазавецкага ваяводства, Польшча) памёр Януар Сухадольскі, жывапісец-баталіст, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг. Нараджэнец Гародні.

21 сакавіка

185 гадоў таму (1840) – У фальв. Сьвіраны (цяпер Летува) нарадзіўся Францішак Багушэвіч, беларускі паэт, празаік, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. У 1861-63 гг. жыў у Доцішках (Вараноўскі р-н), з 1898-га да сьмерці ў 1900 г. жыў у Кушлянах (Смургонскі р-н).

22 сакавіка

55 гадоў таму (1970) – У Жупранскай СШ (Ашмянскі р-н) адчынены музей Францішка Багушэвіча.

24 сакавіка

5 гадоў таму (2020) – У Гародні памёр Павел Сцяцко, беларускі мовазнавец і педагог. Пахаваны на могілках каля стан. Авульс пад Гародняй.

25 сакавіка

120 гадоў таму (1905) – У в. Добрыцкае (Барысаўскі р-н) нарадзіўся Браніслаў Ржэўскі, беларускі літаратуразнавец, педагог, дысідэнт, палітычны вязень. Працаваў у Гародні.

100 гадоў таму (1925) – У в. Тулічава нарадзіўся Аляксандр Кулакоўскі, беларускі праваслаўны сьвятар у Аўстраліі.

28 сакавіка

30 гадоў таму (1995) – Памёр Часлаў Найдзюк, беларускі грамадзкі дзеяч, юрыст. З 1949 г. жыў у Лос-Анджалесе (ЗША). Нараджэнец в. Бойдаты (Ваўкавыскі р-н).

30 сакавіка

10 гадоў таму (2015) – У Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў (Карэліцкі р-н) памёр Аляксандар Доўбік, беларускі настаўнік, дысідэнт, вязень савецкіх канцлагероў, сябра БНФ. Працаваў у в. Вялікія Жухавічы, Радунь, Уша (Карэліцкі р-н).

31 сакавіка

240 гадоў таму (1785) – У Варшаве памёр Антон Тызенгаўз (нар. у 1733 г. у Наваельні, Дзятлаўскі р-н), дзяржаўна-грамадзкі дзеяч ВКЛ, граф, мецэнат, рэфарматар. Жыў і дзеіў у Гародні. Пахаваны ў Жалудку (Шчучынскі р-н).