
фота Гарадзенскай праваабароны
З прычыны сістэматычных палітычных пераследаў беларусам даводзіцца быць асцярожнымі не толькі ў сваёй краіне, але і за мяжой. Нават транзіт праз краіну, якая нейкім чынам супрацоўнічае з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі, можа быць небяспечным. Пра гэта ў каторы раз папярэджвае юрыстка Крысціна Рыхтэр.
28 лютага каманда “Прававой ініцыятывы” прадставіла даследаванне, а таксама “Навігатар бяспечных перамяшчэнняў”, якія адказваюць на пытанні: у якія дзяржавы свету палітычным эмігрантам з Беларусі ехаць катэгарычна нельга, дзе рызыкі экстрадыцыі магчымыя і дзе яны мінімальныя.
— У рамках работы над навігатарам мы прааналізавалі 193 краіны, а таксама 8 часткова прызнаных тэрыторый. З іх 88 мы аднеслі да катэгорыі бяспечных краін з нізкай рызыкай экстрадыцыі (на карце яны адзначаны зялёным значком), 57 — гэта тыя краіны, якія знаходзяцца ў шэрай зоне рызыкі экстрадыцыі (на карце яны пазначаныя жоўтым), і астатнія 47 краін мы аднеслі да небяспечных краін з высокай рызыкай экстрадыцыі (чырвоны).

Навігатар бяспечных перамяшчэнняў / safetravel.legin.info
А цяпер падрабязней па рэгіёнах.
Першы рэгіён — гэта Еўропа. Усе краіны ЕС, а таксама Нарвегія, Швейцарыя, Вялікабрытанія і Ісландыя не супрацоўнічаюць з Беларуссю па пытаннях экстрадыцыі. Як і балканскія краіны (Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна і Албанія), за выключэннем Сербіі. Усе гэтыя краіны ідуць па шляху еўраінтэграцыі і не былі заўважаныя ў нейкім супрацоўніцтве з Мінскам па пытаннях экстрадыцыі.
Сербія застаецца адзінай краінай у Еўропе (калі мы не ўключаем Расію ў гэты спіс), дзе рызыка экстрадыцыі для беларусаў высокая. Дастаткова ўспомніць кейс беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта.


З Украіны дэпартуюць грамадзянку Беларусі, якая жыла нелегальна
Далей мы асобна вылучылі краіны СНД — таму што яны з’яўляюцца зонай падвышанай рызыкі. Большасць краін СНД захоўваюць цесныя сувязі з Беларуссю. Натуральна, найбольш небяспечная краіна — гэта Расія, паколькі расійскія ўлады не толькі выконваюць экстрадыцыйныя запыты, але таксама могуць перадаваць беларусаў без якой-небудзь фармальнай працэдуры, бо выкарыстоўваецца механізм сумеснай працы паміж спецслужбамі дзвюх краін.
Што датычыцца Казахстана, Азербайджана, Узбекістана, Таджыкістана і Кыргызстана — усе гэтыя краіны супрацоўнічаюць з Расіяй і Беларуссю ў рамках Кішынёўскай канвенцыі прававой дапамогі, а таксама дзейнічае дагавор аб міждзяржаўным вышуку СНД.
Калі перайсці на карту “Прававой ініцыятывы”, можна ўбачыць, з якіх менавіта краін былі зафіксаваныя выпадкі экстрадыцыі.
Да жоўтай зоны адносяцца краіны СНД з патэнцыйным рызыкай. Гэта Грузія і Арменія. З Грузіяй у Беларусі няма пагадненняў па экстрадыцыі, аднак службы бяспекі Грузіі супрацоўнічаюць з КДБ Беларусі, што можа ствараць патэнцыйную дадатковую рызыку.
Арменія ўваходзіць у СНД, і тут дзейнічае пагадненне ў рамках СНД, але фактычна Арменія не экстрадуе, калі ёсць пераслед па палітычных справах. Аднак мы лічым, што рызыка ўсё роўна застаецца, таму што Беларусь здольная замаскіраваць справу пад эканамічную або непалітычную, што можа прывесці патэнцыйна да выдачы.
У СНД бяспечнай краінай застаецца толькі Малдова. Яна ўваходзіць у СНД, але з Мінскам па пытаннях выдачы не супрацоўнічае.

Наступны рэгіён, на які мы звяртаем увагу — уся Азія, за выключэннем згаданых краін СНД. Гэта досыць неаднародны рэгіён. Да бяспечных мы аднеслі толькі чатыры краіны — гэта Ізраіль, Японія, Паўднёвая Карэя і Сінгапур. Яны ўсе не супрацоўнічаюць з Беларуссю па пытаннях экстрадыцыі, з’яўляюцца дэмакратычнымі дзяржавамі, у іх незалежная сістэма, хіба што ёсць некаторыя пытанні па Сінгапуры.
У жоўтай зоне тут досыць шмат краін, напрыклад, Турцыя, Тайланд, Манголія, Пакістан, Саудаўская Аравія, Камбоджа, Шры-Ланка. Большасць з іх не маюць пагадненняў па экстрадыцыі, але падтрымліваюць палітычныя сувязі і з Мінскам, і з Масквой.
У цэлым, мы лічым, што ў краінах, дзе ёсць моцныя сувязі з Беларуссю, Расіяй, альбо з іншымі аўтарытарнымі ўрадамі, верагоднасць экстрадыцыі вышэйшая, нават калі адсутнічае нейкае фармальнае пагадненне.
І ў чырвонай зоне ў нас Кітай, Іран, Ірак, В’етнам, Індыя, Эміраты і М’янма. У асноўным, гэта аўтарытарныя дзяржавы, і з большасцю ёсць пагадненні аб выдачы.

Лукашэнка анансаваў новую хвалю мігрантаў. Хто гэтыя людзі?
Наступны рэгіён — Паўночная і Паўднёвая Амерыкі. Большасць краін рэгіёну бяспечныя для беларусаў: ЗША, Канада, Аргенціна, Чылі, Перу, Калумбія, Парагвай, Уругвай і большая частка краін Карыбскага басейна.
Да небяспечных мы аднеслі толькі тры краіны: Венесуэла, Куба і Нікарагуа — дзяржавы з аўтарытарнымі рэжымамі, дружалюбныя і да Мінска, і да Масквы. З Венесуэлай і Кубай ёсць пагадненні аб выдачы, таму рызыка максімальна высокая.
Тут жа ёсць шэраг краін, якія знаходзяцца ў жоўтай зоне — гэта Балівія, Бразілія, Мексіка, Гаіці, Гватэмала, Сальвадор і Гандурас. Наогул, яны не маюць цесных сувязяў з Беларуссю. Але рызыка тут можа быць звязаная якраз з тым, што ўлады краін у гэтым рэгіёне проста не вельмі добра ведаюць аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Таму калі абвінавачванне замаскаванае пад эканамічнае або непалітычнае, то гэта можа патэнцыйна ўяўляць пагрозу.

Наступны рэгіён — Афрыка. Гэта самы небяспечны рэгіён для падарожжаў у свеце.
Прычын некалькі. Многія аўтарытарныя лідары падтрымліваюць рэжымы як Лукашэнкі, так і Пуціна, і гатовыя супрацоўнічаць з імі, альбо ўжо супрацоўнічаюць. Слабасці ў прававых сістэмах, высокі ўзровень карупцыі, залежнасць судоў ад палітычных рашэнняў — усё гэта можа зрабіць працэс экстрадыцыі досыць непрадказальным для беларусаў.
Акрамя таго, у шэрагу краін афрыканскага рэгіёну назіраецца нестабільная палітычная сітуацыя. Напрыклад, калі ў рэгіёне вайна і дзейнічае ПВК “Вагнер” — гэта робіць сітуацыю для беларусаў наогул абсалютна некантраляванай.
Да бяспечных краін тут мы аднеслі ўсяго чатыры, тры з якіх — астраўныя дзяржавы. Што тычыцца кантынентальнай Афрыкі, то гэта Батсвана, якая знаходзіцца ў паўднёвай частцы рэгіёну. Тут дастаткова стабільная дэмакратыя, незалежная судовая сістэма і з беларускім рэжымам краіна не супрацоўнічае.
Тут ёсць шэраг дзяржаў, якія актыўна супрацоўнічаюць з Расіяй і Беларуссю: Судан, Эрытрэя, Зімбабвэ, ЦАР, Алжыр, Егіпет (ёсць пагадненне аб выдачы), ДР Конга, Малі, Чад, Руанда, Уганда, Буркіна-Фасо і гэтак далей.
Што тычыцца жоўтай зоны, то да яе мы аднеслі ПАР, Туніс, Эфіопію, Марока, Танзанію і некаторыя іншыя. Большасць з гэтых краін з’яўляюцца папулярнымі турыстычнымі напрамкамі.
У цэлым, яны больш дэмакратычныя ў параўнанні з краінамі з чырвонай катэгорыі. Тут можа быць дэмакратыя ці нейкі гібрыдны рэжым. Але тут рызыка экстрадыцыі можа быць звязаная якраз не столькі з палітычным супрацоўніцтвам або ціскам, а з тым, што яны могуць быць проста далёкія ад беларускага кантэксту і разумення таго, што ў нас адбываецца.

Заканчваючы на добрай ноце, хочацца адзначыць апошні рэгіён — гэта Аўстралія і Акіянія. Яго можна назваць бяспечнай гаванню. Усе краіны тут маюць незалежную судовую сістэму, з Мінскам не супрацоўнічаюць, прытрымліваюцца дэмакратычных каштоўнасцяў. Да жоўтай катэгорыі тут мы аднеслі толькі Науру, бо дзяржава прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пасля таго, як Расія паабяцала пакет гуманітарнай дапамогі сумай 50 мільёнаў долараў.

Больш інфармацыі па кожнай краіне можна знайсці на карце.
Еўрарадыё
