130 гадоў таму ( 5 сакавіка 1895 году) у вёсцы Кашанцы (Бераставіцкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Каваленя, беларускі археолаг.

Аляксандар Каваленя скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1915). Удзельнічаў у расейскай грамадзянскай, вядомы як удзельнік штурма Перакопа. У 1929 годзе скончыў БДУ. З 1932 года навуковы супрацоўнік секцыі археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР.

Адзін з пачынальнікаў беларускай археалогіі. Яшчэ ў студэнцкія гады праводзіў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве (1927), вывучаў помнікі розных эпох Тураўшчыны. Даследаваў стаянкі палеаліту (БердыжЮравічы), гарадзішчы жалезнага веку (Банцараўшчына і інш.). Вывучаў культуру плямён, якія жылі ў басейне Дняпра, на левых прытоках Прыпяці і Заходняй Дзвіны.

Збіраў матэрыялы для археалагічнай карты Беларусі. Займаўся вывучэннем старажытнага Менску.

Разам з Аляксандрам ЛяўданскімСяргеем Дубінскім аўтар трохтомнага выдання «Прац» — навуковага зборніка Інбелкульту і АН БССР па археалогіі. Падрыхтаваны вучонымі чацвёрты том «Прац» не пабачыў свет — быў знішчаны органамі НКУС у наборы.

Арыштаваны ў Менску ў 1937 годзе. Прыгавораны тройкай НКВД 25 жніўня 1937 года за «шпіёнскую дзейнасць на карысць польскіх разведорганаў» да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 28 жніўня 1937 года. Рэабілітаваны 16 кастрычніка 1958 года. Асабовая справа К. № 13173-с захоўваецца ў архі­ве КДБ Беларусі.

У 2001 годзе ў Курапатах усталяваны вялікі дубовы крыж — знак памяці сучаснага пакалення археолагаў пра нявінна забітых калег, якія закладалі падмурак акадэмічнай археалогіі: Аляксандру Ляўданскаму, Аляксандру Каваленю, Сяргею Дубінскаму.