Куранят лічаць увосень, а ідэалагічныя заваёвы ў Беларусі чамусці пасля зімы. Дзятлаўскія вертыкальнікі днямі падвялі вынікі працы ідэалагічнага актыву.

Паведамляецца, што на пасяджэнне былі запрошаны старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце арганізацый і ўстановаў, старшыні раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, партый.

Напачатку падвялі вынікі электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўручылі падзячныя лісты, Ганаровыя граматы і ўзнагароды самым актыўным яе членам.

Па асноўнай тэме выступіла начальнік аддзелу ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова. Яна адзначыла, што ў раёне арганізаваны сістэмны падбор, расстаноўка і навучанне кадраў ідэалагічнай вертыкалі, на сёння арганізацыяй яе работы заняты 24 чалавекі (ажно 24!). Яны “праводзяць сістэмную аналітычную дзейнасць, у ходзе якой пратэстнага настрою на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах не зафіксавана, адкрытых дзеянняў дэструктыўнага характару не выяўлена”.

Вольга Рагачова

Было адзначана, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках рэалізацыі падпраграмы “Моладзевая палітыка”, у 2024 годзе выкананы ў поўным аб’ёме. Напрыклад, студатрадаўскім рухам было ахоплена 188 чалавек, у сёлетніх планах – 196. Быў агучаны аналіз таго, як замацоўваюцца маладыя спецыялісты на першым працоўным рабочым месцы па выніках двух гадоў адпрацоўкі.

Інфармацыйнае поле Дзятлаўскага раёна прадстаўлена 44 сайтамі арганізацый, інфармацыя на іх павінна абнаўляцца не радзей за два разы на тыдзень. Таксама яна расказала аб прыярытэтных кірунках інфармацыйнай палітыкі, супрацьдзеянні фэйкавай інфармацыі, узаемадзеянні органаў улады з грамадствам і палітычнымі партыямі (у раёне 288 арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў, тры палітычныя партыі). Стабільнай і кантралюемай застаецца этнаканфесійная сітуацыя, у нас дзейнічаюць 24 рэлігійныя абшчыны чатырох канфесій.

Пасля было ўзнагароджванне і ўсе адзначаныя фатаграфаваліся з начальнікамі.