У Беларусі за чатыры гады мінімум 188 чалавек асудзілі паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса за “заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” (далей — “заклікі да санкцый”). Гэтая крымінальная норма стала адным з інструментаў рэпрэсій пасля пратэстаў 2020 года, дазваляючы караць за выказванні ў сацыяльных сетках і медыя. Большасць асуджаных атрымалі працяглыя тэрміны пазбаўлення волі ў калоніях, а некаторыя былі асуджаныя завочна. Пад пераслед трапляюць не толькі актывісты і палітыкі, але і прадстаўнікі розных прафесій — адвакаты, журналісты, праваабаронцы, лекары і прадпрымальнікі. Сам артыкул юрысты называюць інструментам палітычных рэпрэсій, які не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека, а пераслед па ім – запужваннем людзей. “Вясна” распавядае, каго і як у Беларусі пераследуюць за “заклікі да санкцый”, а Юрыдычная служба каментуе гэтую заганную практыку.

Калаж spring96.org

Аляксандр Данілевіч, Эдуард Пальчыс, Мікалай Дзядок, асуджаныя, у тым ліку за “заклікі да санкцый”. Калаж spring96.org

Лічбы рэпрэсій

За “заклікі да санкцый” у Беларусі асудзілі мінімум 188 чалавек. Сярод іх — 46 жанчын. Калі да пачатку 2023 года паводле арт. 361 КК было вынесена 48 прысудаў, то да пачатку 2025 года — ужо 173.

157 чалавекам, якіх судзілі ў тым ліку за “заклікі да санкцый” было прызначана пазбаўленнне волі ў калоніі.

39 чалавек за “заклікі да санкцый” асудзілі завочна. Чатыры асуджаных — замежныя грамадзяне: латвійцы Міхайлаўс Дмітрыйс і Ганінс ЮрыйсДуднікаў Ягор з Расіі, Зянковіч Юрый, які мае амерыканскае грамадзянства.

Ва ўразлівай групе палітвязняў з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем знаходзяцца 15 палітвязняў.

Пяць асуджаных, у тым ліку за “заклікі да санкцый”, цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю, яшчэ 10 былі памілаваны.

Калі з’явіўся гэты артыкул у Крымінальным кодэксе?

Як адзначаюць юрысты, такая норма з’явілася ў рэдакцыі Крымінальнага кодэкса 1 студзеня 2022 года. У новай рэдакцыі, акрамя заклікаў да “дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы” з’явіліся і заклікі да санкцый. 

“Гэта значыць заклікі да санкцый, у тым ліку тых, што тычацца асобных персонаў, параўналіся з такімі дзеяннямі, як, напрыклад, заклікі да захопу ўлады або змены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, здрадзе дзяржаве, учыненню акту тэрарызму або дыверсіі”, — адзначаюць юрысты.

Пры гэтым санкцыя часткі першай артыкула павялічылася ўдвая: з трох гадоў пазбаўлення волі да шасці гадоў пазбаўлення волі. Частка першая распаўсюджваецца на выключна заклікі. Але не распаўсюджваецца на заклікі ў інтэрнэце, таму што за іх прадугледжана больш строгае пакаранне паводле ч. 3 дадзенага артыкула: ад чатырох да 12 гадоў пазбаўлення волі (было: ад двух да пяці гадоў).

Тады як другая частка, як і раней, распаўсюджваецца толькі на тыя заклікі, якія накіраваны на замежную дзяржаву. Да дадання ў 2022 годзе туды ўдакладнення пра санкцыі яна была “мёртвай”.

“Тэарэтычна пад яе можна было падвесці санкцыі, што ўлады добра ўмеюць і любяць рабіць: усё, што нам не падабаецца, з’яўляецца прычыненнем шкоды нацыянальнай бяспецы. Таму прапісванне літарамі, а для большага эфекту, і павелічэнне санкцыі, з’яўляецца стратэгічным крокам, накіраваным, у першую чаргу, на запалохванне. Улады дамагаюцца таго, каб само слова санкцыі ў людзей выклікала страх. З 2022 года страх канкрэтны — перад Крымінальным кодэксам”. 

З санкцыі прыбралі меру пакарання арышт наогул, паказваючы, што сесці можна за заклікі да санкцый на тэрмін ад трох да 10 гадоў, тады як да зменаў максімальны тэрмін быў усяго тры гады. 

“Відавочна, узмацненне жорсткасці артыкула і вылучэнне ў ёй асобнага аб’ектыўнага боку злачынства, прапісванне літарамі “заклікі да санкцый” – рэакцыя ўладаў на ўласна санкцыі. У дадзеным выпадку заканадаўства служыць інструментам абароны ад ці ледзь не адзінага механізму, які мае рэальны эфект на ўладу.

Фармулёўка дыспазыцыі артыкула занадта шырокая, што з’яўляецца характэрным для рэжыму. Бо гэта зручна: пад такую фармулёўку, як дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы дзяржавы, можа падпадаць амаль што заўгодна, што не падабаецца рэжыму. Любое іншадумства можа быць трактаванае як прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы. Тое ж самае і з вызначэннем уласна нацыянальнай бяспекі. Сфармуляваць, абапіраючыся на заканадаўства Беларусі, што менавіта такое нацянальная бяспека – немагчыма”.

Каго першым асудзілі за “заклікі да санкцый”? 

Калаж spring96.org

Вольга Брыцікава, Максім Знак, Мікалай Хіла, асуджаныя, у тым ліку за “заклікі да санкцый”. Калаж spring96.org

Першы прысуд паводле арт. 361 Крымінальнага кодэкса вынеслі 16 жніўня 2021 года сталяра-станочніка з Гродна Леаніда ГерасімлюкаЗа каментары ў мясцовым тэлеграм-канале “Гродно *7%” з заклікамі з не плаціць камунальныя плацяжы яму прызначылі тры з паловай гады калоніі.

На судзе абаронца Герасімлюка на судзе прамовіла:

Высокі суд, з некалькімі каментарамі, напісанымі ў адным з тэлеграм-каналаў, сярод сотні тысяч іншых каментароў, я ніяк не магу суаднесці такія сур’ёзныя, з майго пункту гледжання, паняцці, як нацыянальная бяспека, канстытуцыйныя асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу, стабільнасць палітычнай і эканамічнай сістэмы […]. Дзяржава, якая знаходзіцца па памеры тэрыторыі і колькасці насельніцтва ў першай сотні дзяржаваў свету. Дзяржава, якая ўваходзіць у заснавальніцы ААН. Якая валодае войскам — у вайсковай моцы Беларусь займае 50-е месца […]. Дзяржава, якая валодае магутным сілавым апаратам: паводле дадзеных ААН, на 100 тысяч насельніцтва ў Беларусі прыпадае 1442 сілавікі […]  Рэспубліка Беларусь займае другое месца па колькасці дзяржслужбоўцаў на душу насельніцтва з краін былога СССР. І вось усяму гэтаму, на думку дзяржабвінавачвання, супрацьстаяць каментары сталяра-станочніка […]. Тэксты, якія дапускаюць розныя тлумачэнні і інтэрпрэтацыі… Які з гэтых тэкстаў [каментароў-паведамленняў. — Заўв.] да чаго заклікае — застаецца незразумелым”.

Пасля прысуда КДБ унёс Леаніда ў спіс асобаў, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. Па падліках праваабаронцаў палітзняволены мусіў выйсці на волю летам 2024 года.

Наступным асуджанымі, у тым ліку за “заклікі да санкцый” сталі адвакат Максім Знак і кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

У красавіку 2021 года крымінальную справу за “заклікі да санкцый” узбудзілі супраць экс-старшыні Беларускага фонду спартовай салідарнасці, плаўчыхі і трохкратнай прызёрку Алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Фонду Аляксандра Апейкіна. 26 снежня 2022 года іх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі кожнага. Таксама ў Герасімені канфіскавалі маёмасць, у тым ліку кватэру і 48000 даляраў з асабістага рахунку. Гэта першы прысуд па крымінальнай справе, які быў вынесены ў межах спецвытворчасці. Тым самым рэжым пратэсціраваў адразу два механізмы: абноўлены артыкул і завочныя суды. 

Як юрысты расцэньваюць гэты артыкул і масавы пераслед іншадумцаў па ім?

Артыкул 361 Крымінальнага кодэкса прымяняецца для палітычнага пераследу самастойна толькі ў адзінкавых выпадках, што толькі пацвярджае яго інструментальнасць для мэтанакіраванага здушэння свабоды слова, запужванні і пакаранні актыўных, прыходзяць да высновы юрысты “Вясны”.

“У звязку з іншымі палітычнымі артыкуламі ён дае большы тэрмін зняволення, улічваючы, што пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі ад шасці да 12 гадоў. Наяўнасць гэтага артыкула ў абвінавачанні чалавека стварае ўражанне, што ён узорны злачынца, а яго пазбаўляюць волі па канкрэтным у заканадаўстве з пэўным, хоць і беспрынцыпна шырокім, апісаннем злачынства. Палітычны пераслед у дадзеным выпадку накіраваны і на мэту запужвання: каб іншыя бачылі, што за “заклікі да санкцый” людзі сядзяць у турме рэальныя тэрміны зняволення.

Іншымі словамі, такія дзеянні, як заклікі да санкцый – гэта спробы ўплыву на міжнародных актараў, якія маюць пэўныя адносіны з Рэспублікай Беларусь, дзе апошняй ёсць што губляць. А санкцыі накіраваныя на тое, каб змяніць паводзіны або палітыку дзяржавы. Так ці інакш, любыя выказванні наконт санкцый – гэта палітычная думка – і падпадае пад ахову артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – права на свабоднае выказванне свайго меркавання”.

Пры гэтым, юрысты звяртаюць увагу, што права на выказванне меркавання сапраўды можа быць абмежавана для мэты аховы нацыянальнай бяспекі.

“Але далей за гэта беларускі заканадаўца не прасунуўся, паколькі такія абмежаванні павінны яшчэ і адпавядаць крытэрам прапарцыйнасці, законнасці і неабходнасці у дэмакратычным грамадстве. 

Ні сама сутнасць так званага злачынства, ні зашырокая яго фармулёўка не спрыяюць таму, каб гэты артыкул быў прызнаны адпаведным канстытуцыі і міжнародным стандартам правоў чалавека. Фактычна, ужо ў тэксце артыкула можна прачытаць, што людзей пазбаўляюць волі менавіта за тое, што яны выказваюць сваё меркаванне наконт міжнароднай палітыкі (бо санкцыі – гэта і ёсць палітычны механізм). А артыкул з’яўляецца не больш, чым проста інструментам палітычных рэпрэсій і не адпавядае міжнародным стандартам правоў чалавека, якія дэкларуюцца ў Канстытуцыі Беларусі, а таксама накладаюць на Беларусь груз адказнасці фактам далучэння да міжнародных дамоваў”.

Каго яшчэ судзілі за “заклікі да санкцый”?

Калаж spring96.org

Андрэй Пачобут, Марына Золатава, Валерыя Касцюгова, асуджаныя, у тым ліку за “заклікі да санкцый”. Калаж spring96.org

Сярод тых, каго судзілі за “заклікі да санкцый”, можна сустрэць прадстаўнікоў і прадстаўніц розных прафесій, заняткаў і дзейнасці, а таксама шмат вядомых прозвішчаў.

У тым ліку за “заклікі да санкцый” судзілі актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў – Генадзя ФядынічаВасіля Бераснева і Вячаслава Арэшку.

Стваральніка крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by Паўла Белавуса судзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за “заклікі санкцый”. У выніку яму прызначылі 13 гадоў калоніі.

За “заклікі да санкцый” судзілі і Рамана Пратасевіча, якога пазней памілавалі за супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі.

Судзілі паводле арт. 361 КК журналіста Пачобута Андрэя, праваабаронцу Рабкову Марфу, блогера Пальчыса Эдуарда, паліталагіню Касцюгову Валерыю, адвакатаў Данілевіча Аляксандра і Брагінца Віталя, прафсаюзную актывістку Брыцікаву Вольгу, даследчыцу Кузіну Таццяну, лекара Бужынскага Яўгена, анархіста Дзядка Мікалая, экс-галоўную рэдактарку TUT.BY Золатаву Марыну і былую гендырэктарку TUT.BY Чэкіну Людмілу, супрацоўніка дэлегацыі Еўрасаюза ў Беларусі Хіла Мікалая.

Вясна