Старшыня Гарадзенскага абласнога суду Аляксандр Корзун даў “праграмнае” інтэрв’ю дзяржаўнаму рупару прапаганды “Гродзенскай праўдзе”. У ім ён пахваліўся небывалымі “дасягненнямі” і назваў колькасць судовых адміністрацыйных і крымінальных працэсаў па ўсім рэгіёне за 2024 год.

Найперш начальнік галоўнай карнай установы вобласці агучыў асноўныя ідэалагічныя поспехі:

“2024 год прошел под эгидой качества, и мы… двигались в этом направлении”.

“Ушедший год позволил повысить статистические показатели, улучшить организацию работы как областного, так и районных судов. Это в первую очередь связано с тем, что у нас отсутствуют обоснованные обращения граждан, связанные, к примеру, с ненадлежащей организацией судебного процесса”.

“Повысилось качество рассмотрения уголовных дел. Наш показатель – один из лучших в стране”. Як падвысілася гэтае “качество” Корзун не расшыфраваў.

Корзун сказаў, што вырасла колькасць судовых выяздных паседжанняў па ўсіх катэгорыях спраў – і крымінальных і грамадзянскіх. Начальнік судовай сістэмы вобласці паведаміў, што “общее количество обращений, которые к нам поступили в этом году, составило порядка 120 единиц. И это стабильный показатель за несколько предыдущих лет”.

Корзун назваў і колькасць адміністрацыйных спраў па вобласці за мінулы год – усяго іх было разгледжана судамі ажно 22 431, што па словах галоўнага суддзі Гарадзеншчыны менш на 2 469 у параўнанні з папярэднім годам. Калі верыць Корзуну, то найчасцей судзілі за цялесныя пашкоджанні і выпіванне алкаголю ў грамадскіх месцах. Колькасць так званых “экстрэмісцкіх” справаў Корзун не агучыў, але напэўна яны складаюць вельмі значны працэнт.

Агульная колькасць крымінальных спраў за 2024 год па словах Корзуна зменшылася амаль на 500 у параўнанні з папярэднім годам. Іх колькасць склала летась 3 358. З гэтай колькасці крымінальных спраў суды Гарадзенскай вобласці абвесцілі толькі 3 (!) апраўдальныя прысуды. Гэта найбольш яскрава характарызуе менавіта рэпрэсіўны характар цяперашніх судоў у дзяржаве. Колькасць апраўдальных прысудаў па крымінальных справах па Гарадзеншчыне за 2024 год склала 0,089% (!). Няма сумневу, што па дыфамацыйных артыкулах абвінаваўчыя прыгаворы складаюць 100%.

Сярод мераў пакарання па словах Корзуна выразна дамінавалі пазбаўленне і абмежаванне свабоды. Арышт і штрафы прысуджалі намнога радзей.

Паводле інфармацыі галоўнага суддзі вобласці вырасла колькасць грамадзянскай вытворчасці – на 269 заяваў/скаргаў. Характэрная тэндэнцыя – вырасла колькасць справаў па накіраванні грамадзянаў ва ўстановы, якія называюцца ЛПП (Лячэбна працоўны прафілакторый).

Прыведзеная статыстыка і факты яскрава сведчаць пра асноўнае прызначэнне судоў дзяржавы як найперш рэпрэсіўных установаў.