Дзятлаўская ЦРБ

У Дзятлаўскім раёне ў лютым на вострыя рэспіраторныя інфекцыі хварэла ў 1,5 разы больш людзей, чым у студзені. Адпаведныя звесткі апублікавала мясцовая раённая газета “Перамога”.

У раёне рэгіструецца ўздым захворванняў на ВРІ — на 48,2%. За люты ў раёне, дзе жыве каля 23 тысяч чалавек, зарэгістраваны ажно 1101 выпадак заражэння. Часцей за ўсё хварэлі дзеці: іх удзельная вага сярод хворых склала 67,9%. Між іншага, гэта заўважна больш, чым афіцыйная лічба ў сярэднім па Беларусі — каля 58%.

Тым часам у Мінздароўя сцвярджаюць, што ўсё пад кантролем: “Цяпер у Беларусі эпідэміялагічная сітуацыя па ВРІ ацэньваецца як кантраляваная. Адзначаецца паступовы прырост колькасці хворых”. Пры гэтым чыноўнікі ведамства дадаюць, што “ўзровень захворванняў на ВРІ ніжэй за эпідэмічны”.