Дзяніс Альшэўскі вядзе паседжанне

У Сынковіцкай праваслаўнай царкве, што на Зэльвеншчыне рыхтуецца “патрыятычнае” свята. Мясцовыя ўлады вырашылі адзначыць 35-годдзе аднаўлення службы ў храме фестывалем. Аргкамітэт узначаліў старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі. Паводле яго слоў, “свята павінна быць маштабным, рознабаковым, пазнавальным і цікавым”.

Фестываль пройдзе 31 траўня. Па словах настаяцеля царквы протаіерэя Арсенія Ананкі, прыедзе архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Пачнецца ўсё з мітынгу каля алеі памяці ахвярам генацыду. Альшэўскі прыгадаў, што і “80-годдзе Вялікай Перамогі” трэба згадаць. Было вырашана, што праграма святкавання “будзе ўключаць у сябе некалькі блокаў: духоўны, патрыятычны і эстрадны”. Чакаецца прыезд дэлегацыі з Расеі. Значаць можна меркаваць, што чарговы раз будзе грымучая сумесь савецкага мілітарнага чаду і расейскага праваслаўя.

Афіцыйна лічыцца, што Сынковіцкая царква — помнік архітэктуры XVI стагоддзя. Аднак Праваслаўная Царква прытрымліваецца легендарнай версіі яе заснавання (з удзелам князя Вітаўта), і ў 2007-м адзначала 600-годдзе.