У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 прозвішчаў — цяпер у ім 5051 чалавек

14 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі гарадзенскага індывідуальнага прадпрымальніка Андрэя Слізевіча. Напомнім, што яго пачалі судзіць другога снежня 2024 году ў Гарадзенскім абласным судзе. Паводле версіі абвінавачання, ён нібыта пакідаў негатыўныя каментары пра Расею пасля тэракту ў «Крокус Холе» і заклікаў бамбіць расейскія гарады. Суддзя Віталь Кулеш вёў справу паводле трох артыкулаў: арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 1 і ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу.

Андрэя Слізевіча затрымалі ў сакавіку 2024 году. Праўладныя каналы публікавалі тады з ім «пакаяльнае» відэа. 24 кастрычніка 2024 г. ён быў унесены КГБ у “спіс тэрарыстаў”.