Цягам лютага праваабаронцы фіксавалі захаванне ўстойлівай тэндэнцыі пераследу грамадзян паводле палітычных матываў у крымінальным парадку. Прынамсі 156 чалавек былі асуджаныя за месяц у межах крымінальна-прававых рэпрэсій. З гэтай колькасці 114 складаюць мужчыны, 42 – жанчыны. Яшчэ пяцёра грамадзян былі рэпрэсаваныя ў межах спецыяльнай вытворчасці.

Рэгіянальная структура пераследу ў лютым выглядала наступным чынам:

  • Менск – 74 чалавекі;
  • Менская вобласць – 26 чалавек;
  • Гарадзенская вобласць – 13 чалавек;
  • Берасцейская вобласць – 20 чалавек;
  • Віцебская вобласць – 12 чалавек;
  • Магілёўская вобласць – 6 чалавек;
  • Гомельская вобласць – 5 чалавек.

Асуджэнне сем’яў і групаў сваякоў набывае ўсё больш разнастайныя формы

У лютым адбыўся ўсплёск па колькасці сем’яў або групаў сваякоў, што трапляюць у жорны рэпрэсій. Варта адзначыць, што пераслед сем’яў і груп сваякоў набывае ўсё больш разнастайныя формы: групавыя працэсы, расцягнутыя ў часе судовыя разборы, пераслед сваякоў праз публічнае адвакатаванне інтарэсаў іх блізкіх, што раней сталі ахвярамі рэпрэсій.

Прыкладам расцягнутага ў часе пераследу сямейнай пары з’яўляецца кейс Ігара Ільяша, справу якога Мінскі гарадскі суд разглядаў паводле артыкулаў аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Яго жонка, Кацярына Бахвалава, адбывае другі тэрмін зняволення пасля таго, як яе пакаралі паводле артыкула аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і здрадзе дзяржаве.

Прыкладам пераследу за публічнае адвакатаванне інтарэсаў сваяка з’яўляецца справа Таццяны Францкевіч, справу якой Віцебскі абласны суд разглядаў паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Яе сын, Аляксандр Францкевіч, раней асуджаны паводле справы анархістаў, у лютым пераследваўся судом Аршанскага раёна паводле артыкула “аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі”.

Самымі распаўсюджанымі па-ранейшаму застаюцца групавыя працэсы над цэлымі групамі сваякоў і сем’ямі паводле “народнага” 342 артыкула КК. Прыкладамі такіх кейсаў за люты з’яўляюцца справы, дзе:

суд Цэнтральнага раёна Мінска слухаў справу ў дачыненні да Мікалая, Мікіты і Алены Ляпешкаў;

суд Кастрычніцкага раёна Мінска разглядаў справу Алега і Дзмітрыя Багдановічаў;

суд Кастрычніцкага раёна Гродна вёў пасяджэнні паводле справы Алега і Анастасіі Буякоў;

суд Пінскага раёна пераследваў Андрэя ды Вікторыю Колбаў;

суд Кобрынскага раёна вёў працэс у дачыненні да Дзмітрыя і Наталлі КубарэцкіхВіктара ды Іллі Ціханенкаў;

суд Дзяржынскага раёна рэпрэсаваў Паўла ды Вікторыю Тулімбаевых, Ірыну ды Аляксандра Бабокаў, Алену ды Алега Марозаў.

Акрамя “народнага”, у абвінавачванні ў Леаніда і Антаніны Церабеяў меліся артыкулы аб распальванні варожасці, паклёпе на адрас Лукашэнкі ды яго абразе, здзеку з дзяржаўнай сімволікі. Іх справа разглядалася ў Гродзенскім абласным судзе цягам цэлага месяца.

Захоўваецца тэндэнцыя паўторнага і наступнага асуджэння

Цягам лютага зафіксаваны ўсплёск справаў, паводле якіх ахвяры рэпрэсій праходзілі ў другі і наступны разы. Такіх кейсаў зафіксавана не менш за 11. Гэта азначае, што з улікам, пакуль справа дайшла да канкрэтнага суда, цягам усяго перыяду электаральнай кампаніі, палітычныя зняволеныя спазналі неймаверны ціск у пенітэнцыярнай сістэме.

Суд Заводскага раёна Мінска слухаў справу ў дачыненні да Сяргея Белага паводле артыкула аб абразе прадстаўніка ўлады. Раней мужчына двойчы пераследваўся Мінскім гарадскім судом з інтэрвалам у адзін год паводле артыкулаў аб распальванні варожасці, удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні, абразе Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады.

Справа Людмілы Ясімчык слухалася судом Маскоўскага раёна Мінска паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі. Напрыканцы мінулага года яна была фігуранткай справы паводле “пратэсных артыкулаў” аб распальванні варожасці і абразе Лукашэнкі, што былі прадметам разгляду Мінгарсудом.

Суд Партызанскага раёна Мінска разглядаў справу ў дачыненні да Алены Каспяровіч паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады. Раней жанчына была фігуранткай падобнай справы, што слухалася ў гэтым жа судзе, у абвінавачванні ў яе меўся артыкул, які прадугледжвае адказнасць за абразу прадстаўніка ўлады.

Менш за паўгоду прайшло з моманту, калі Мінскім гарадскім судом быў вынесены палітычна матываваны прысуд у дачыненні да Кірыла Вевеля паводле артыкула аб “закліках да санкцый” і калі перад гэтым жа судом ён паўстаў фігурантам справы аб распальванні варожасці ды ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні.

Крыху больш за шэсць месяцаў прайшло з вынясення судом Камянецкага раёна прысуду ў дачыненні да Руслана Зубкова паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі, як Брэсцкі абласны суд пачаў разглядаць справу ў дачыненні да мужчыны паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі ды садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці.

Фігурант “справы Ціханоўскага” Уладзімір Кніга пераследваўся судом Барысаўскага раёна паводле артыкула аб непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Раней мужчыну падаўжаўся тэрмін паводле гэтага артыкула судом горада Жодзіна.

Артыкул 411 КК РБ – яшчэ адзін спосаб падаўжэння тэрміну зняволення

Артыкул 411 КК быў выкарыстаны і для падаўжэння тэрміну ў дачыненні да сына Віктара Бабарыкі – Эдуарда, справу ў дачыненні да яго слухаў суд Ваўкавыскага раёна. Раней мужчыну судзілі паводле гэтага артыкула ў судзе горада Бабруйска.

Механізм артыкулу, што прадугледжвае адказнасць за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, быў задзейнічаны і супраць Ярванда Марцірасяна судом Ваўкавыскага раёну. Раней суд Кастрычніцкага раёна Віцебска асудзіў мужчыну за абразу Лукашэнкі.

Фігурант “справы анархістаў” Аляксандр Францкевіч таксама стаў абвінавачаным паводле гэтага артыкула. Яго крымінальную справу разглядаў суд Аршанскага раёна. Раней палітвязень быў фігурантам 411-га ў судзе Ваўкавыскага раёна.

Віцебскі абласны суд пераследваў палітычнага зняволенага Міхаіла Лабаня, раней асуджанага судом горада Наваполацка паводле дыфамацыйных артыкулах КК – паклёп і абразу Лукашэнкі ды прадстаўніка ўлады. На гэтым этапе мужчыну ставілася ў віну “фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання”.

Амаль з дзясятак справаў абрынулася на пенсіянера Васіля Дземідовіча. Цягам лютага ён быў фігурантам справы аб абразе прадстаўніка ўлады ў судзе Смалявіцкага раёна. Раней мужчыну рэпрэсавалі ў Гродне, Дзяржынску, Драгічыне, Гомелі, Пухавічах, Нясвіжы і Старых Дарогах.