
Мужчына раней быў засуджаны да “хатняй хіміі” за «абразу прадстаўніка ўлады». Яго гісторыя паказвае, што ў непрыняцці асобы дыктатара сышліся прадстаўнікі самых розных груп грамадства.
Аляксею Аўсюкевічу быў 41 год. Ён працаваў рабочым — на «Цеплавых сетках», якія належаць «Гроднаэнерга», і на іншых прадпрыемствах у Гародні.
Па звестках праекта Digital Intelligence Team, Аўсюкевіч быў у базе «Беспарадкі». У міліцэйскі спіс экстрэмістаў яго ўключылі 28 кастрычніка 2022 года. Звычайна гэта адбываецца адразу пасля таго, як крымінальны прысуд набывае сілу.
Аляксей Аўсюкевіч быў засуджаны Ленінскім раённым судом Гародні па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу — «абраза прадстаўніка ўлады». У чым палягала абраза, незразумела.
Аўсюкевіч памёр 11 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці ён яшчэ знаходзіўся на “хіміі”, ці на той момант яна ўжо скончылася.
Пазначаная прычына смерці — R99, «іншыя неўдакладненыя прычыны смерці». Гэта значыць, што доктар адразу быў не ўпэўнены ў тым, чаму памёр чалавек, або падазраваў крымінальную прычыну смерці. Прыкладам такі ж код у базах стаіць у звестках пра смерць міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і палітвязня Вітольда Ашурка.
Змест сацсетак гарадзенца паказвае, што ў непрыняцці асобы Лукашэнкі сышліся прадстаўнікі самых розных груп грамадства. Той кантэнт, які Аўсюкевіч лічыў класным і перапошчваў сабе на старонку — цытаты расейскага палітыка Уладзіміра Жырыноўскага, кампліменты Сталіну і розныя Z-легенды. Разам з тым Аляксей фатаграфаваўся з помнікам Льву Сапегу і дошкай у памяць Міхала Казіміра Агінскага.
