
скрыншот з відэа ДПК
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў, што 17 сакавіка памежнікі РБ знайшлі паблізу мяжы двух загінуўшых мігрантаў з далёкіх краін.
Спярша вайскоўцы Гарадзенскай памежнай групы выявілі ў Шчучынскім раёне труп мужчыны афрыканскага паходжання. На месцы выяўлення нібыта працавала следча-аператыўная група. Паводле інфармацыі Следчага камітэту, устаноўлена, што цела іншаземца знаходзілася ў лесе за 600 метраў ад мяжы. Пры аглядзе пры мужчыну знойдзены асабістыя рэчы і пусты заплечнік, ніякіх дакументаў пры загінулым не было. Для вызначэння дакладнай прычыны смерці нібыта прызначана судова-медыцынская экспертыза.
Праз некалькі гадзін берасцейскія памежнікі ў Камянецкім раёне знайшлі паблізу беларуска-польскай мяжы яшчэ адзін труп мігранта. Лукашэнкаўскія службы абсалютна бяздоказна сцвярджаюць, што “Польские силовики выбросили его на нашу территорию через калитку для животных в заборе”.
З пачатку году зафіксавана ўжо тры смерці на сумежных тэрыторыях з боку Беларусі. Яшчэ раней адзін загінулы быў знойдзены каля мяжы з Латвіяй.
