
Працоўная группа ААН па адвольных затрыманнях разглядзела зварот юрыстаў “Вясны” і прызнала зняволенне Марфы Рабковай адвольным і палітычна матываваным. Міжнародныя эксперты ААН прыйшлі да высновы, што яе пераслед парушае міжнародныя нормы і адбываецца выключна праз яе праваабарончую дзейнасць.
Паводле справаздачы Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях, судовы працэс над праваабаронцай парушыў міжнародныя стандарты: яе трымалі ў зняволенні без належнага судовага разгляду справы, працэс супраць яе быў закрытым, а абвінавачванні — палітычна матываваныя. Міжнародныя эксперты заклікаюць тэрмінова вызваліць праваабаронцу.
Што парушыла дзяржава, калі затрымала і асудзіла Марфу Рабкову?
Працоўная група ААН адзначыла, што затрыманне і асуджэнне каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай парушаюць міжнародныя стандарты правоў чалавека. Яе выпадак быў аднесены адразу да чатырох з пяці магчымых катэгорый адвольных затрыманняў.
- Адсутнасць законных падставаў для затрымання. Пры затрыманні Рабковай у верасні 2020 года ёй не паведамілі канкрэтныя абвінавачванні і не патлумачылі падставы яе арышту, што парушае арт. 9 (3) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП). Апроч гэтага, яе трымалі пад вартай без суду больш за 18 месяцаў — гэта супярэчыць арт. 9 (3) МПГПП, які патрабуе таго, каб абвінавачаныя як мага хутчэй аказаліся перад судом.
- Парушэнне права на свабоду выказвання і свабоду асацыяцый. Працоўная группа прызнала, што Марфа Рабкова займалася праваабарончай дзейнасцю ў праваабарончым цэнтры “Вясна” і фіксавала рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года. Такім чынам, абвінавачанні супраць яе былі выкарыстаныя для рэпрэсій у яе бок праз палітычную пазіцыю жанчыны. Гэта парушае арт. арт. 19 і 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ) і арт. 19 і 22 МПГПП.
- Адсутнасць права на справядлівы суд. Закрыты судовы працэс і ціск на адвакатаў Рабковай парушаюць арт. 14 (1) МПГПП (права на незалежны і бесстаронні суд). Працоўная група прызнала парушэнне права на незалежны і бесстаронні суд на падставе агульных звестак і дакладаў спецдакладчыка ААН па Беларусі пра роль беларускіх суддзяў у рэпрэсіях і ціск на адвакатаў. Апроч таго, падчас судовага пасяджэння яе змясцілі ў жалезную клетку, што парушае прынцып прэзумпцыі невінаватасці (арт. 14 (2) МПГПП). Парушэннем прэзумпцыі невінаватасці ААН прызнаў таксама шматлікія прапагандысцкія публікацыі пра праваабаронцу. “Некаторыя заявы дзяржаўных асобаў былі раўназначныя прызнанню спадарыні Рабковай вінаватай і перадвырашылі ацэнку фактаў кампетэнтным судовым органам, пабуджаючы грамадскасць паверыць у яе вінаватасць да таго, як яе справа была разгледжаная судом першай інстанцыі”, — гаворыцца ў меркаванні.
- Дыскрымінацыйны характар пераследу. Працоўная група прыйшла да высновы, што пераслед Марфы быў звязаны з палітычнымі перакананнямі і праваабарончай дзейнасцю, што парушае арт. 26 МПГПП (забарона дыскрымінацыі).
Што рэкамендавалі ў ААН?
Такім чынам, Працоўная група ААН заклікала ўлады Беларусі неадкладна вызваліць Марфу Рабкову і забяспечыць ёй кампенсацыю за адвольнае затрыманне, у адпаведнасці з міжнародным правам.
Беларусь таксама мусіць правесці незалежнае расследаванне фактаў адвольнага затрымання і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Справа Рабковай была перададзеная Спецыяльнаму дакладчыку ААН па Беларусі для далейшага кантролю.
Апроч таго, эксперты заклікалі забяспечыць захаванне правоў чалавека ў Беларусі і спыніць палітычны матываваныя судовыя працэсы.
Як адрэагавала дзяржава?
Адказ Беларусі не аспрэчвае асноўныя высновы ААН і фактычна абыйшоў галоўныя абвінавачванні. Ён заснаваны на сцвярджэннях, якія супярэчаць незалежным міжнародным ацэнкам.
Дзяржава не дала ніякіх тлумачэнняў наконт таго, што Рабкова была пад следствам цягам 18 месяцаў пасля арышту. Закрыты судовы працэс чыноўнікі абгрунтавалі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, аднак не ўдакладнілі, чаму гэта патрабавала поўнай сакрэтнасці. Апроч таго, Беларусь адмаўляецца прызнаваць праблемы са здароўем у Марфы, але праваабаронцам дакладна вядома, што стан жанчыны пагаршаецца, і яна не мае доступу да лячэння.
Што кажуць правабаронцы “Вясны”?
Над зваротам у працоўную групу працавалі адразу некалькі юрыстаў “Вясны”. Юрыстка “Вясны” Святлана Галаўнёва падкрэслівае: парушэннем ёсць ужо тое, што пратрымаўшы Марфу пад вартай больш за 18 месяцаў, ёй дадалі новыя абвінавачанні.
“Працоўная група пра гэта кажа: “Не звярнуўшыся да канкрэтных фактаў або не разгледзеўшы альтэрнатыўныя меры стрымання і дадаючы замест гэтага новыя абвінавачанні кожны раз, улады не змаглі належным чынам абгрунтаваць папярэдняе заключэнне”, — адзначае юрыстка. — Пры гэтым на азнаямленне з крымінальнай справай Марфе і яе абаронцам было дадзена вельмі мала часу – 20 дзён на 160 тамоў справы. То бок, следства вялі амаль два з паловай гады, а часу на падрыхтоўку абароны амаль не далі. Важна, што Працоўная група прызнала гэта самастойным парушэннем права на абарону.
Уласна для мяне, як для праваабаронцы, было вельмі важна праявіць салідарнасць са сваёй зняволенай каляжанкай і зрабіць яе гісторыю пераследу больш гучнай. Таму я вельмі рада, што змагла арганізаваць падрыхтоўку зварота ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях і што цяпер мы маем рашэнне.
Кейс Марфы – даволі цяжкі, бо суд быў закрыты, а ўсе матэрыялы — засакрэчаныя. Гэта была вялікая камандная праца: сабраць па драбнічках усё, што вядома публічна, знайсці тых, хто можа распавесці пра ўмовы ўтрымання Марфы, пераглядзець прапагандысцкія відэа-ролікі і перачытаць артыкулы дзяржаўных СМІ. І самае галоўнае — зрабіць тлумачэнне і абгрунтаванне: чаму ж усе шматлікія абвінавачанні хаваюць за сабой пераслед за грамадскую і праваабарончую дзейнасць”.
Нагадаем, у Працоўную группа па адвольных затрыманнях уваходзяць пяць экспертаў. Яна ладзіць сесіі тры разы на год, падчас якіх разглядае звароты. Звярнуцца можа кожны, хто лічыць, што яго адвольна пазбавілі волі, таму з усяго свету паступае вялікая колькасць зваротаў — усе яны не могуць быць разгледжаныя фізічна.
“Так як чалавечы рэсурс абмежаваны, Працоўная група кіруецца геаграфічным размеркаваннем спраў і спыняецца на самых абуральных выпадках, — адзначае яшчэ адна праваабаронца “Вясны”, якая брала ўдзел у падрыхтоўцы зварота. — Такім чынам, тое, што індывідуальнае паведамленне прыцягнула ўвагу экспертаў, было разгледжана і пазбаўленне волі Марфы прызнана адвольным па 4 з 5 катэгорый, паказвае на той факт, што выпадак патрабуе неадкладнай увагі. Безумоўна, гэта перамога, бо на міжнародным узроўні ўстаноўлена, што дзяржава ўтрымлівае Марфу ў зняволенні ў парушэнні ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў, адвольна, і патрабуюць неадкладнага вызвалення”.
