
Тамаш Грыб нарадзіўся 19 сакавіка 1895 году ў вёсцы Паляны (Смаргонскі раён) ў беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў Пецярбургскім псіханеўралагічным інстытуце, дзе зблізіўся з беларускім рухам. У 1914 годзе быў мабілізаваны на Паўночны фронт. Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Адзін з арганізатараў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. У снежні 1917 года быў дэлегатам ад вайсковай арганізацыі на Першы Усебеларускі з’езд, з’яўляўся сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і яе выканаўчага камітэта, народным сакратаром земляробства ва ўрадзе Язэпа Варонкі. Адначасна займаў пасаду сакратара беларускай школьнай секцыі пры Менскай гарадской думе.
У студзені 1918 года Тамаш Грыб браў удзел у Трэцім Усерасейскім з’ездзе Саветаў, які адбыўся ў Петраградзе. На ім абмяркоўвалася пытанне аб падпісанні Берасцейскага міру. Тамаш Грыб, як старшыня фракцыі беларускіх сацыялістаў, выступіў на з’ездзе з дэкларацыяй, у якой востра пратэставаў супраць запраектаванага падзелу Беларусі, таксама супраць разгону Першага Усебеларускага з’езда, на якім было абвешчана права беларускага народу на самавызначэнне ды была створаная першая беларуская народная ўлада.
У студзені–сакавіку 1919 года Тамаш Грыб выдаваў у Вільні газету “Грамадзянін”, якая была органам Беларускай сацыялістычнай грамады. Арыштоўваўся польскімі ўладамі. Быў інтэрнаваны ў лагеры Домбэ пад Кракавам, адкуль уцёк.
З 1920 году Тамаш Грыб знаходзіўся ў эміграцыі ў Коўне, дзе ўдзельнічаў у выданні газеты “Сялянская Доля”, а з восені 1922 года – у чэшскай Празе, дзе разгарнуў беларускую грамадскую і культурную працу. Працаваў у Беларускай Радзе, у Беларускім культурным таварыстве імя Францішка Скарыны, у Аб’яднанні беларускіх студэнцкіх арганізацый. У 1934 годзе пачаў працу ў Беларускім загранічным архіве, і з часам стаў ягоным кіраўніком. Тамаш Грыб у Празе заснаваў Беларускі навуковы кабінет, як прыватную навукова-даследчую ўстанову, асноўнай мэтай якой было вывучэнне асаблівасцяў беларускага народу. Цікавіла яго, чым беларускі народ адрозніваецца ад сваіх суседзяў. Даследаваў таксама адрозненні паміж беларусамі каталікамі і беларусамі праваслаўнымі, паміж жыхарамі вёсак і гарадоў.
У Празе ў 1928 годзе скончыў філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта з тытулам доктара філасофіі. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Пытанне народа і нацыі”. У 1934-1938 гадах працаваў загадчыкам Беларускага замежнага архіву, складаў бібліяграфію па беларусазнаўстве. Супрацаваў з часопісамі “Перавясла”, “Іскры Скарыны”, “Студэнцкая думка”, “Золак”, “Бюлетэні загранічнай групы БПСР”.
Тамаш Грыб быў адным з самых яскравых ідэолагаў беларускага нацыянальнага руху, заснавальнікам беларускага нацыянальнага студэнцкага руху ў міжваеннай Празе. Папулярызацыя беларускай ідэі ў замежжы – шмат у чым заслуга Тамаша Грыба. Ён пісаў, асэнсоўваў, папулярызаваў беларускае пытанне, беларускую ідэю ў палітычных колах на захадзе, у асяроддзі сацыялістычных партый. Ён ставіў Беларусь на мапу Еўропы. Выдаваў перыёдыкі, ствараў партыі, студэнцкія арганізацыі.
Пражыў Тамаш Грыб усяго 43 гады, памёр, захварэўшы на грыпу.
Тамаш Грыб паслядоўна выступаў супроць вяртання ў БССР, дзе ўсе, хто вярнуўся, чамусьці хутка знікалі. “Пакіньце займацца дурніцай”, – адказаў ён, калі яго запрасілі прыняць удзел у 1926 годзе ў акадэмічнай канферэнцыі ў Менску, якую праводзіў Інбелкульт.
Пахаваны на знакамітых Альшанскіх могілках у Празе. Жыццю і дзейнасці Тамаша Грыба быў цалком прысвечаны апошні 8-ы нумар часопіса “Золак”. У 2017 годзе ў Менску выйшла кніга выбраных твораў Тамаша Грыба. Памяць пра Тамаша Грыба ў Беларусі не ўшанавана.
