
Нарадзіўся Францішак Багушэвіч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры, паэт, празаік, публіцыст, удзельнік паўстання 1863 года, 21 сакавіка 1840 году ў фальварку Сьвіраны (цяпер Летува). Ягоная літаратурная і ідэйная спадчына сталася падмуркам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.
Нарадзіўся непадалёк Вільні ў сям’і дробнай шляхты – Казіміра і Канстанцыі (у дзявоцтве – Галаўня) Багушэвічаў. Фальварак быў спадчынай маці. У перыяд паміж 1841 і 1846 гадамі сям’я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павету, які належаў Багушэвічам з сярэдзіны 18 стагоддзя. Продак паэта Антон Багушэвіч за 450 польскіх злотых «набыў маёнтак Кушляны або Мігуцяны» з сялянамі ад Кунцэвічаў. Перш чым прапісацца на Ашмяншчыне, род Багушэвічаў на пачатку 18 ст. абжываўся ў Полацкім ваяводстве.

алея ў Кушлянах
Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі блізкім да сялянскага. Пачатковую адукацыю Францішак атрымаў у Віленскай гімназіі. Там пасябраваў з Цітусам Далеўскім, Юльянам Чарноўскім, Вінцэнтам Віткоўскім, Канстанцінам Далеўскім, Зыгмунтам Мінейкам, якія сталі пазней актыўнымі ўдзельнікамі паўстання 1863 года. Пазней паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам у вёсцы Доцішкі (цяпер у Вараноўскім раёне) у школцы, адкрытай уладальнікам маёнтка Аляксандрам Звяровічам. Багушэвіч – актыўны ўдзельнік паўстання 1863-га, быў паранены ў баі ў Аўгустоўскіх лясах. Яго бацька, сястра і брат Апалінар дапамагалі інсургентам. Ратуючыся ад рэпрэсій, змушаны быў хавацца, а потым пераехаў ва Украіну. Там вучыўся ў Нежынскім ліцэі. Калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо знаходзіўся на службе ў Чарнігаве, потым працаваў судовым следчым у розных рэгіёнах Украіны.
У 1883 годзе каранацыя расейскага імператара Аляксандра ІІІ суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на радзіму. 25 сакавіка Францішак Багушэвіч з жонкай Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкай, з якой узяў шлюб раней, вяртаецца ў горад сваёй маладосці – Вільню. Сям’я мела дачку Канстанцыю і сына Тамаша Вільгельма. Працаваў у судовай палаце. Асноўнымі яго кліентамі былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы, менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.

Сядзіба ў Кушлянах

альтанка ў Кушлянах
Дарункам лёсу была для Францішка Багушэвіча спадчына, атрыманая ім пасля смерці варшаўскага сваяка Тадэвуша ў 1896 годзе. Паэт здолеў разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць наноў занядбаную бацькоўскую сядзібу ў Кушлянах. У траўні 1898 года Багушэвіч напісаў заяву на фактычнае вызваленне ад абавязкаў прысяжнага паверанага пры Віленскім акруговым судзе. Ён кінуў службу ў царскім судзе, дзе наспеў востры канфлікт з начальствам, каб заняцца творчасцю. Пасля звальнення жыў у Кушлянах (Смаргонскі раён), дзе і памёр. Незабыўны Мацей Бурачок (адзін з псеўданімаў паэта) пакінуў запавет на ўсе часы: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі”.
Цікавінка
У Кушлянах пад дубам Багушэвічу, падрыхтаваўшы адмысловую рошчыну з спарахнелага грыба, удалося вырасціць баравікі. Пра гэта расказала ўнучка паэта Станіслава Тамашэўская. Нікому з суседзяў-кушлянцаў паспяхова паўтарыць такі дослед не ўдалося.
Памяць
Пахаваны ў вёсцы Жупраны (Ашмянскі р-н) на могілках паблізу мясцовага касцёлу. У будынку касцёлу памятная шыльда. На магіле помнік паэту і яго блізкім. У 1955 годзе ў Ашмянах адчынены краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча. У 1970 годзе ў Жупранскай СШ адчынены музей яго імя. У 1975-ым у Жупранах усталяваны помнік паэту, у Кушлянах адчынены Дом-музей. У 2002 годзе ў Сьвіранах на сядзібе Філіповічаў на месцы, дзе стаяў дом Багушэвічаў, адкрыта мемарыяльная дошка. У суседніх Савічунах віленскі філіял бібліятэкі імя Багушэвіча, памятная дошка на будынку і вуліца яго імя. Памятная дошка ёсць у Вільні, помнік паэту ўсталяваны ў Смаргонях.

