
У вёсцы Ізабелін, у Ваўкавыскім раёне, падчас работ каля сінагогі 18 стагоддзя выявілі манеты “барацінкі” часоў Вялікага Княства Літоўскага, піша канал “Беларускі інстытут публічнай гісторыі” са спасылкай на каманду рэстаўратараў.
Барацінка — пашыраная сярод нумізматаў назва медных шэлегаў Польскага Каралеўства і ВКЛ 1659–1666 гадоў, якія чаканіліся па ініцыятыве трымальніка манетных двароў Ціта Лівія Бараціні.
На беларускіх землях іх выпускалі, у тым ліку, на Берасцейскім манетным двары.
Каменная сінагога была ўзведзеная прыкладна ў 1777 годзе. Яна належала Ізабелінскаму кагалу, які падпарадкоўваўся Мсцібаўскаму.
Сын ізабелінскага рабіна Якава Мэйра Кравчынскага, рабін Зээў Голд, быў адным з лідараў сіянісцкай арганізацыі “Мізрахі” у ЗША, а ў маі 1948 года падпісаў Дэкларацыю незалежнасці Дзяржавы Ізраіль.
На пачатку 1942 года нацысты стварылі ў Ізабеліне гета, якое ліквідавалі ўжо ў лістападзе, расстраляўшы 31 чалавека.
Пасля вайны будынак быў значна перабудаваны. Сінагогу выкарыстоўвалі пад розныя сельскагаспадарчыя патрэбы, у тым ліку як капцільню і бар. У апошнія гады будынак пуставаў.
Ізабелінскую сінагогу набыло ва ўласнасць “Маёнтак Падароск”, якое аднаўляла сядзібу Бохвіцаў у суседнім Падароску. Праект фінансаваўся бізнесменам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым. Была ідэя стварыць на базе сінагогі адукацыйны цэнтр па захаванні культурнай спадчыны Ізабеліна.
Аднак у 2022 годзе ў турыстычнага прадпрыемства “Падароск” узніклі праблемы: супраць яго супрацоўнікаў распачалі крымінальны пераслед за нібыта нявыплату падаткаў і страхавых унёскаў з зарплат работнікаў.
У выніку крымінальную справу закрылі, але сядзібу, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, перадалі ў дзяржаўную ўласнасць. Ізабелінская сінагога ахоўнага статусу не мела.
У канцы 2024 года каманда рэстаўратараў “Маёнтак Падароск” правяла супрацьаварыйныя работы ў будынку сінагогі, умацаваўшы расколіны ў сценах клямарамі.
Былі закладзены праёмы, пачаліся работы па вырабе даху, які будзе ярусным, як і дах сінагогі ў пачатку XX стагоддзя.

Еўрарадыё
