
З Польшчы з пачатку года дэпартавалі больш за 200 грамадзян Беларусі, піша Rzeczpospolita.
«Сярод замежнікаў, у дачыненні да якіх былі выкананыя рашэнні аб абавязковым вяртанні, найбольшую колькасць складаюць грамадзяне Грузіі, Беларусі і Малдовы», — цытуе выданне словы падпалкоўніка Анджэя Юзвяка, прадстаўніка галоўнага камандавання Памежнай аховы.
Усяго за два месяцы з Польшчы былі дэпартаваныя больш за 1300 замежнікаў, што на 85% больш, чым летась. У гэты лік уваходзяць 260 грамадзян Грузіі і 220 грамадзян Беларусі.
У асноўным ідзе гаворка пра замежнікаў, якія парушылі законы Польшчы. Як вынікае з матэрыялу, сярод іх — асуджаныя за нападзенні, бойкі, цялесныя пашкоджанні, п’янае кіраванне, парушэнне забароны на кіраванне транспартных сродкаў, а таксама перавозчыкі нелегальных мігрантаў.
