Беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзень Волі. Сёлета 107-ыя ўгодкі з часу абвешчання ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі.

Для нас беларусаў падзеі 1918 году, калі была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, – гэта ўсё яшчэ актуальнасць, а не дата сівой даўніны.
Хоць мы фармальна маем сваю суверэнную дзяржаву, дэ-факта яна акупаваная ўнутранымі калабарантамі з вонкавай варожай сілай, якая засядае ў расейскім Крамлі.
Ужо пяты год у Беларусі святкаванне немагчымае праз татальны тэрор рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народу, беларускай культуры і мовы, але ўражвае геаграфія адзначэння Дня Волі – практычна ва ўсіх частках свету беларусы гуртуюцца і праводзяць акцыі, урачыстыя канцэрты, культурныя імпрэзы.
Жыве наша гістарычная памяць! Жыве Вялікае Княства Літоўскае – Беларусь!
