
Генеральнае консульства Расеі з 24 сакавіка прымае наведнікаў па адрасе вуліца Гараднічанская-40. Адпаведная інфармацыя з’явілася ў тэлеграм-канале генконсульства.
Пра тое, што расейскае консульства можа пераехаць у былы будынак «Польскай Мацежы школьнай», 19 сакавіка 2025 года паведаміў са спасылкай на свае крыніцы партал Wirtualna Białoruś.
“Польска Мацеж школьна” працавала з 1995 года. Гэта была адна з найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі і адна з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце. Пры ёй быў грамадскі ліцэй для вывучэння польскай мовы, гісторыі і культуры імя Элізы Ажэшкі. Колькасць вучняў даходзіла да 2100 чалавек у год.
Акрамя таго пры “Мацежы” працавала бібліятэка, універсітэт трэцяга ўзросту для пажылых людзей, клуб жанчын “Гараднянка” ды іншыя ініцыятывы. Арганізацыя ладзіла метадычныя канферэнцыі для настаўнікаў школ і дзіцячых садкоў, конкурсы для дзяцей і падлеткаў.
У 2021 годзе на хвалі ціску на грамадскія арганізацыі (у тым ліку аб’яднанні нацыянальных меншасцяў) “Мацеж” звінавацілі ў незаконнай дзейнасці ў сферы адукацыі. А ў 2022-м і зусім ліквідавалі, налічыўшы ёй 300 тысяч рублёў штрафу і 500 тысяч рублёў нясплачаных падаткаў.
