
Анджэй Пачобут — палітвязень, журналіст і актывіст забароненага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай нацыянальнай меншасці, дома ў яго адбыўся шматгадзінны ператрус.
Працэс над Пачобутам пачаўся 16 студзеня 2023 года ў Гарадзенскім абласным судзе. 8 лютага суддзя Дзмітрый Бубенчык прызнаў палітзняволенага журналіста вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Ажыццяўленне групай асоб наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і ажыццяўленне наўмысных дзеянняў для рэабілітацыі нацызму») і ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і прысудзіў яму 8 гадоў зняволення з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Лукашэнкаўскія ўлады дадалі Пачобута ў «спіс тэрарыстаў».
Анджэй Пачобут адбывае зняволенне ў калоніі №1 у Наваполацку. Вядома, што ўвесь час на яго ідзе ціск. Пачобут мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, пры гэтым палітвязня змяшчалі ў карцар. Журналісту практычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.
Вызвалення Пачобута патрабуюць у тым ліку і польскія ўлады.
Адрас зняволення: ПК № 1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. Пачобут Андрэй Станіслававіч.
