
Колькасць насельніцтва Беларусі працягвае зніжацца. Гэтая тэндэнцыя не мяняецца. За мінулы год колькасць насельніцтва афіцыйна знізілася на 47 тысяч. Гэта азначае, што штогод вымірае цэлы райцэнтр. Але ёсць гарады, у якіх сітуацыя лепшая, чым у цэлым па краіне. Акрамя абласных цэнтраў насельніцтва вырасла яшчэ ў 10 райцэнтрах. Наперадзе па ўсёй краіне Астравец: год таму на 1 студзеня 2024 году ў ім жыло 15 116 жыхароў. Праз год стала 15 265 (плюс 149 чалавек). Растуць крыху і Ашмяны, якія па прыросце на 7-ым месцы: было 16 787, стала – 16 804 (плюс 17).
Рост гэтых двух гарадоў абумоўлены знаходжаннем паблізу Беларускай атамнай станцыі і разбудоўваннем інфраструктуры.
