У беларускай прасторы з´явілася вельмі важная для беларусаў кніга, якая можа стаць настольнай для кожнага беларуса – «Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік» Уладзіміра Хільмановіча.

Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з аўтарам каляндарнага даведніка.

РР: Якія перыяды гісторыі Беларусі найбольш падрабязна асвятляюцца ў даведніку?

-Натуральна, што, канешне, больш падрабязна асвятляюцца 20-е, 21-е стагоддзі, бо для іх існуе больш дакладна зафіксаваных дат. А наогул я іду з самай старажытнасці – са старажытных часоў Полацкай зямлі і Полацкага княства, калі там ёсьць канкрэтныя даты. Я імкнуся падаваць іх у сваім даведніку. Потым – праз Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітую – вось да 19-га, да 20-га стагоддзяў і да нашых дзён.

РР: Ці кніга змяшчае інфармацыю пра рэгіянальныя асаблівасці святаў, напрыклад, палескія і паўночна-беларускія традыцыі?

– Я не разглядаю абрады як асобную катэгорыю, але калі на пачатку 90-х гадоў развіваліся розныя фестывалі, такія значныя, як «Магутны Божа» у Магілёве, , «Маладэчанскі фэст», а таксама буйныя гарадскія фестывалі, то я імкнуўся таксама ўключыць гэтыя культурныя падзеі. На жаль, колькасць такіх культурных падзей паступова змяншалася, але ўсе важныя я стараўся занатоўваць і адлюстроўваць. У маім даведніку больш адлюстраваныя больш асобы, даты іх нараджэння і смерці, але важныя падзеі я таксама стараўся падаваць.

Важнасць падзей таксама залежыць ад іх гістарычнага значэння. Канешне, больш дэталёва адлюстравана гісторыя Захаду Беларусі, Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны сучаснай, бо я лепш ведаю з гэтымі мясцовасцямі, часта ездзіў і меў зносіны з людзьмі, якія падавалі свае даты.

РР: Як арганізаваны матэрыял? Па месяцах, па тыднях ці ў выглядзе тэматычных блокаў?

– Прынцып складання даведніка вельмі просты – ён арганізаваны па днях. Гэта не проста каляндар на пэўны год, а ўніверсальны календарны даведнік. Адкрываеш 1 студзеня, і там пералічваюцца ўсе падзеі, якія адбыліся, зафіксаваныя ў гісторыі – ад старажытнасці да сённяшняга дня ў нашай гсіторыі, уключаючы даты нараджэнняў, смерцяў і іншыя значныя падзеі. Агульная колькасць дзён складае 365, і выпадкова сімвалічна атрымалася, што каляндар завяршаецца 31 снежня на 365-й старонцы. Фактычна гэта азначае, што амаль на кожны дзень каляндара прыпадае па адной старонцы.

РР: Ці згадваюцца ў кнізе святы і даты, звязаныя з сучаснай гісторыяй Беларусі?

– Так, гэта адна з найважнейшых частак. Напрыклад, калі Вярхоўны Савет 12-га склікання прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці, або калі была прынята дзяржаўная сімволіка – бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня”, або прынята Канстытуцыя 1994 года; калі складалася прысяга вайскоўцаў, калі адбываліся масавыя святы, мітынгі або пратэсты, напрыклад, Чарнобыльскія шляхі – усе гэтыя ключавыя найбуйнейшы даты якраз адлюстраваны.

РР: Якія навуковыя працы сталі асновай для гэтага даведніка?

– Я абапіраўся на напрацаваны матэрыял, перапрацаваны з усіх энцыклапедый і розных даведнікаў, інтэрнэт-крыніц, а таксама з літаратуры розных рэгіёнаў. Нават даты з помнікаў на магілках былі ўлічаны, калі інфармацыя па нейкай асобе была рэдкай. Мая мэта заключалася ў тым, каб ушанаваць так званых “ціхіх адраджэнцаў” – людзей, чыя дзейнасць была малавядомай шырокаму колу. Таму ў маім даведніку вы не знойдзеце герояў сацыялістычнай працы ці герояў Савецкага Саюза. Можа і сярод іх былі прыстойныя людзі, але ў беларускай культуры, навуцы і спорце іх роля не была важнай. Яны добра адлюстраваны ў раённых кнігах “Памяці”, у розных дзяржаўных энцыклапедыях. Маё заданне было выцягнуць як мага больш з нябыту малаведамых адраджэнцаў, рупліўцаў беларушчыны.

РР: Якія выдатныя асобы – мастакі, пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы – часта згадваюцца ў календарных датах?

– Гэта залежыць ад таго, наколькі чалавек быў актыўны ў грамадскім і палітычным жыцці. Часта згадваюцца Янка Купала і Францішак Скарына. Таксама я надаваў увагу такім вядомым асобам, як Кастусь, Каліноўскі, паўстанцы 1863 года і іншыя, актывісты збройных вызвольных сынаў, якія змагаліся з расейскім імперскім царызмам і савецкай уладай, занатоўваючы іх у даведніку.

РР: Ці ўключаны ў кнігу таксама знакамітыя беларускія дзеячы, мастакі і пісьменнікі з дыяспары?

– Так, гэта было адным з важнейшых заданняў – шырока асвятліць асобы беларускай эміграцыі, асабліва пасляваеннай, тых, хто выехаў падчас і пасля Другой сусветнай вайны ў Амерыку і іншыя краіны. Я імкнуўся, каб гэтыя асобы таксама згадваліся, а таксама важныя падзеі, звязаныя з фармаваннем згуртаванняў беларусаў у розных краінах, такіх як Аўстралія, Аргентына, Вялікабрытанія. Мне было важна падаць таксама людзей з Падляшша і Віленшчыны, увесці іх у агульнабеларускі кантэкст.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле: