
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на красавік 2025 году.
1 красавіка
Міжнародны дзень жартаў.
Міжнародны дзень птушак.
2 красавіка
Міжнародны дзень дзіцячай кнігі.
6 красавіка
120 гадоў таму (1905) – У Кіеве памёр Іосіф Баранецкі, прыродазнавец і педагог, які нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў 1843 г.
115 гадоў таму (1910) – У Пецярбургу нарадзіўся Барыс Кіт, беларускі навуковец, дзеяч эміграцыі (ЗША, Нямеччына). Бацька паходзіў зь вёскі Агароднікі (Карэліцкі р-н).

7 красавіка
Сусьветны дзень здароўя.
615 гадоў таму (1410) – У Кежмарку (цяпер Славаччына) крыжакі зьдзесьнілі спробу забойства князя Вітаўта.
165 гадоў таму (1860) – У Вільні памёр Караль Падчашынскі, асьветнік, архітэктар, дасьледнік, педагог. Быў пахаваны на віленскіх могілках Росы, магіла не захавалася. Нараджэнец в. Жырмуны (Вараноўскі р-н).
9 красавіка
165 гадоў таму (1860) – Нарадзіўся Вільгельм Краеўскі, арганізатар шкляной вытворчасьці на Лідчыне.
10 красавіка
390 гадоў таму (1635) – Памёр Ян Станіслаў Сапега, сын Льва Сапегі, дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Фундаваў у Слоніме кляштар францішканцаў, касьцёл канонікаў рэгулярных. Валодаў маёнткамі Зэльва, Івашкавічы (Зэльвенскі р-н), Азярніца (Слонімскі р-н).
25 гадоў таму (2000) – У Гародні створаны габрэйскі культурна-асьветніцкі дом “Менора”.
11 красавіка
Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашыстоўскіх канцлагераў.
12 красавіка
135 гадоў таму (1890) – У в. Шчорсы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Янка Нёманскі (сапр. Іван Пятровіч), беларускі пісьменьнік, эканаміст.

13 красавіка
85 гадоў таму (1940) – Дэпартацыя з тэрыторыі Заходняй Беларусі сем’яў рэпрасаваных і асоб, якія ўцяклі за мяжу. 24 тысячы чалавек гвалтоўна вывезены ў Сібір і Казахстан.
14 красавіка
190 гадоў таму (1835) – У в. Сянно (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Валер’ян Вільчэўскі, лекар, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. у атрадзе Францішка Юндзіла ў Слонімскім пав.
140 гадоў таму (1885) – У в. Максімаўка (Маладэчанскі р-н) нарадзіўся Сымон Рак-Міхайлоўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, сябра Рады БНР, публіцыст. Заснаваньнік і дырэктар настаўніцкай семінарыі ў Барунах (у 1920-22 гг.). У 1918-20 гг. настаўнічаў у Гародні.

105 гадоў таму (1920) – У в. Страшава (Беласточчына) нарадзіўся Аляксей Карпюк, беларускі пісьменьнік, грамадзкі дзеяч. Жыў і працаваў у Ваўкавыску, Гародні.

5 гадоў таму (2020) – У Кліўлендзе памерла Ірэна Каляда-Сьмірнова, мецэнатка, дзяячка беларускай эміграцыі (ЗША). Нараджэнка в. Падкасоўе (Наваградзкі р-н).

15 красавіка
125 гадоў таму (1900) – У в. Вялікія Азяранкі (Ваўкавыскі р-н) (паводле іншых даных у в. Азяраны Сакольскага пав. (цяпер Беласточчына) нарадзіўся Уладзімер Тамашчык, праваслаўны сьвятар, архіяпіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (Васіль) на эміграцыі. Забіты ў 1970 г. пры загадкавых абставінах.
16 красавіка
85 гадоў таму (1940) – У Яраслаўлі памёр Адам Багдановіч, беларускі этнограф, бацька Максіма Багдановіча. Пахаваны ў Яраслаўлі. Жыў у Гародні.

90 гадоў таму (1935) – У в. Данейкі (Баранавіцкі р-н) нарадзіўся Анатоль Клышка, беларускі пісьменьнік. У 1949-1950 гг. вучыўся і працаваў у Наваградку.

18 красавіка
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясьцін.
35 гадоў таму (1990) – Заснавана Гарадзенская абласная краязнаўчая асацыяцыя.
22 красавіка
20 гадоў таму (2005) – У Лондане (штат Антарыё, Канада) памёр Барыс Рагуля, дзеяч нацыянальнага руху ў 1940-ыя гг., кіраўнік Саюзу Беларускай Моладзі на Наваградчыне, пасьля вайны дзеяч беларускай эміграцыі (Бельгія, Канада). Прах разьвеяны ў мясцовасьці Маскока, дзе быў дом Рагуляў. Нараджэнец мястэчка Турэц (Карэліцкі р-н).

26 красавіка
Дзень памяці ахвяраў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986 год).
190 гадоў таму (1835) – У Вільні памёр Анёл Доўгірд, філосаф, логік, педагог. Працаваў у Лідзе і Шчучыне.
28 красавіка
125 гадоў таму (1900) – У Кушлянах (Смургонскі р-н) памёр Францішак Багушэвіч, беларускі паэт, празаік, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг. Пахаваны ў Жупранах (Ашмянскі р-н).

80 гадоў таму (1945) – На фронце ў час штурму г. Гдыня (Польшча) загінуў Сяргей Крывец (нар. у 1909 г. у в. Сухінічы, паводле іншых звестак на хутары Кустоўка, Мастоўскі р-н), беларускі паэт.

29 красавіка
30 гадоў таму (1995) – У в. Усялюб (Наваградскі р-н) памёр Андрэй Пяткевіч, беларускі паэт. Пахаваны на ўсялюбскіх могілках.
30 красавіка
Сусьветны дзень пародненых гарадоў.
80 гадоў таму (1945) – У в. Сьліжы Пескаўскія (Мастоўскі р-н) нарадзіўся Віктар Дубіцкі, беларускі настаўнік, сябра КХП БНФ.
