
«Сайт часова недаступны, вядуцца рэгламентныя работы». Такую аб’яву з 5 сакавіка можна ўбачыць на сайце Вярхоўнага суда Беларусі, калі паспрабаваць адкрыць раздзел «Расклад пасяджэнняў». Таксама з сайта знік раздзел «Спецыяльнае вядзенне», у якім публікавалі не толькі папярэднюю інфармацыю пра завочныя суды над тымі, хто не жыве ў Беларусі, але і выніковыя часткі прысудаў.
У раздзеле «Расклад пасяджэнняў» на сайце Вярхоўнага суда больш за 5 гадоў размяшчалі расклады судовых працэсаў ва ўсіх судах Беларусі, паведамлялі прозвішчы падсудных, інкрымінаваныя ім артыкулы, прозвішчы суддзяў.
Праваабаронца з «Вясны» і былы палітзняволены Леанід Судаленка сказаў «Радыё Свабода», што ён не верыць у абвешчаную Вярхоўным судом афіцыйную прычыну — «рэгламентныя работы». І гэта не толькі таму, што прайшло ўжо дастаткова часу, каб аднавіць працу сайта ў поўным аб’ёме.
Ён адзначыў, што блакіроўка агульнай інфармацыі пра дзейнасць судовай сістэмы — гэта і парушэнне канстытуцыйнай нормы, якая гарантуе атрыманне інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў.
З сайта Вярхоўнага суда таксама зусім знік раздзел «спецыяльнае вядзенне», у якім размяшчалі інфармацыю пра завочныя суды над палітычнымі ўцекачамі.
