Некалькім чалавекам было адмоўлена Польшчай у падачы хадайніцтва аб прытулку на мяжы з Беларуссю. Пра гэта ў эфіры RMF24 паведаміў польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.

Абмежаванне на падачу на беларускай мяжы хадайніцтваў аб міжнароднай абароне было ўведзена польскім урадам з 27 сакавіка на 60 дзён. Адзначалася, што забарона не закране ўразлівыя катэгорыі тых, хто мае патрэбу ў прытулку. Само ж новаўвядзенне тлумачылася тым, што памежнікі атрымаюць “адзін з ключавых інструментаў для барацьбы з нелегальнай міграцыяй, якая з’яўляецца элементам гібрыднай агрэсіі супраць Польшчы, а таксама для барацьбы з міжнароднай злачыннасцю”.

Сікорскі падкрэсліў, што ў Польшчу нелегальна спрабуюць трапіць праз Беларусь “людзі, прывезеныя расейцамі з Блізкага Усходу”. І атакі на ўсходняй мяжы Польшчы ўзмацняюцца.