У Беларусі змянілі правілы правядзення экзаменаў на атрыманне вадзіцельскіх пасведчанняў, піша Office Life. Найбольш змен адбылося ў частцы практычнага экзамену па кіраванні для ўсіх катэгорый транспартных сродкаў. Пастанова МУС апублікавана на партале Pravo.by.

Некаторыя патрабаванні да экзаменуемых сталі прасцейшымі. Цяпер, каб атрымаць правы катэгорыі С пры наяўнасці катэгорыі В, не трэба будзе здаваць “пляцоўку” — толькі “горад”.

Прасцейшым стаў і практычны экзамен у горадзе. Раней супрацоўнік ДАІ ацэньваў кандыдата па васьмі абавязковых пунктах. 

Цяпер — толькі па трох:

  • разварот на нерэгуляваным скрыжаванні;
  • левы паварот;
  • рух з максімальна дазволенай хуткасцю з выкананнем бяспечнай дыстанцыі і інтэрвалаў.

Ускладнілася здача экзамену на пляцоўцы. Каб атрымаць залік, раней трэба было добра выканаць два элементы з чатырох. Цяпер іх колькасць павялічылася да трох.

Тым, каго накіравалі на пераздачу пасля пазбаўлення правоў, практычны экзамен трэба будзе здаваць толькі ў горадзе і толькі на аўтамабілі катэгорыі В, нават калі ім патрэбна катэгорыя С або Е. Калі ж у іх няма базавай катэгорыі В, то давядзецца здаваць экзамен на транспарце сваёй рабочай катэгорыі.

Таксама паводле новых правілаў практычны экзамен для атрымання правоў катэгорый ВЕ, СЕ і DE будзе праводзіцца толькі на аўтадроме.