
Лукашэнка фактычна адпрэчыў патрабаванні, якія Польшча выставіла Беларусі для пачатку патэнцыйнага працэсу нармалізацыі стасункаў.
“Зразумела, Пачобут гэты — вечная праблема , — цытуе прэс-служба Лукашэнку, які выказаўся з гэтай нагоды 12 красавіка на суботніку ў Менску. — “Для таго каб размаўляць з намі, беларусы павінны зрабіць гэта”. Я кажу: “Ды пашліце вы іх”. Мы нікому нічога не вінныя. Хочаце — сядаем ды размаўляем,” – заявіў Лукашэнка. Ён назваў палітыку Польшчы ў дачыненні да Беларусі “кан’юнктуршчынай”.
Прадстаўнікі польскіх уладаў раней неаднаразова агучвалі патрабаванні, выкананне якіх Менскам абавязковае на шляху да нармалізацыі стасункаў: спыненне міграцыйнага крызісу на мяжы, вызваленне зняволеных палякаў, у прыватнасці Пачабута, а таксама выдача нелегала, якога Варшава лічыць вінаватым у смерці польскага жаўнера Матэвуша Сітэка.
