
Беларускі пісьменнік, эканаміст Янка Нёманскі (сапраўднае прозвішча Іван Пятровіч) нарадзіўся 12 красавіка 1890 года ў мястэчку Шчорсы на Наваградчыне. Паходзіў з шматдзетнай сям’і. У дзяцінстве зазнаў бяду і перажыў сямейную трагедыю: у 1901 годзе памерла ад сухотаў маці, затым пяцёра братоў і сёстраў. Пайшлі з жыцця бабуля, дзед, дзядзька. У 1906 годзе з усёй сям’і засталіся сам Іван, бацька Андрэй і цётка. Бацька неўзабаве ажаніўся з удавой, якая мела двое дзяцей. Але праз тры гады і яны памерлі. Бацька Андрэй Пятровіч з’ехаў у Рассею на заробкі і там прапаў.
Іван Пятровіч у 1909 годзе скончыў Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю, нейкі час працаваў у вясковай школе.

Настаўніцкая семінарыя ў Нясьвіжы на пачатку ХХ ст. Крыніца: commons.wikimedia.org
У 1915-16, 1918 гг. вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Петраградскага ўніверсітэта. На адным факультэце з ім вучыўся Браніслаў Тарашкевіч. У Пецярбургу Пятровічу давялося зарабляць на хлеб грузчыкам у порце, жыць у адным пакоі з некалькімі чалавекамі.У 1916 годзе мабілізаваны ў армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў. У 1918 г. загадчык выдавецкага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыята. У Белнацкаме Пятровіч быў сябрам секцыі беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. У ліпені 1918 г. удзельнічаў ва ўсерасійскім з’ездзе бежанцаў Беларусі.
У кастрычніку 1918 года ў Петраградзе было створана Беларускае вольна-эканамічнае таварыства. У праўленне таварыства ўваходзілі акадэмік, нараджэнец Беларусі Яўхім Карскі, адзін з арганізатараў Усебеларускага зьезду 1917 года ў Менску Яўсей Канчар, этнограф Аляксандар Сержпутоўскі і іншыя, у тым ліку і Пятровіч.У 1918-19 гг. разам з Цішкам Гартным выдаваў газету “Дзянніца”, дзе з 1918 г. пачаў друкаваць публіцыстычныя творы. У 1919-21 г. у Чырвонай Арміі. Ваяваў у Карэліі, пад Петраградам, Нарвай, Варшавай, у Сібіры і на Далёкім Усходзе Расеі.

“Дзянніца” – беларуская газета, заснаваная Змітром Жылуновічам у Петраградзе ў 1916 г. Адноўленая ў 1918 г., яна стала першай савецкай газетай на беларускай мове. Крыніца: commons.wikimedia.org
З 1922 года Янка Нёманскі ў Менску. Працаваў у планава-эканамічных органах намеснікам старшыні Дзяржплана БССР. Сваё жыццё ў БССР Пятровіч прысвяціў найперш эканоміцы, займаў шэраг высокіх пасадаў. Бабруйская вобласць, створаная ў 1944 годзе – адна з тых, якія Пятровіч прапаноўваў утварыць яшчэ ў 1930-ыя гады. Ён працаваў над новым раянаваннем рэспублікі. Але работу яму не далі скончыць. У 1927-32 гадах Пятровіч – сябра праўлення літаратурнага аб’яднання “Полымя”. Уваходзіў у Інбелкульт. З 1928 года Акадэмік Беларускай Акадэміі Навук, у 1929-31 гг. яго сакратар. У пачатку 1929 года, як была створана Беларуская акадэмія навук, яе сакратаром быў Вацлаў Ластоўскі. У тым жа годзе яго звольнілі, неўзабаве рэпрасавалі. Яго месца заняў якраз Іван Пятровіч. З 1931 года загадчык аддзела эканомікі НДІ прамысловасці. З 1931-га па 1932 год – дырэктар Інстытута эканомікі Беларускай АН. У 1933-36 гадах узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі.

Як пісьменнік дэбютаваў апавяданнем “Над Кроманню” у 1922 годзе (часопіс “Полымя”). Цягам 1928-1930 гадоў пісаў раман “Драпежнікі”, які застаўся няскончаным (рукапіс 2-й часткі быў спалены супрацоўнікамі НКВД пасля арышту).
Івана Пятровіча арыштавалі 26 красавіка 1937 года, 29 кастрычніка засудзілі да расстрэлу. НКВД расстраляў яго ў Менску 30 кастрычніка 1937 года ў ліку іншых 32 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Рэабілітаваны ў 1957 годзе. Памяць пра Янку Нёманскага не ўшанавана.
