
У ноч на 12 красавіка 1995 г на загад выканаўчай улады ў беларускім парламенце былі жорстка збітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету ад апазіцыі, якія напярэдадні абвесцілі галадоўку супраць антыканстытуцыйных захадаў Лукашэнкі. Тым самым пачаўся антыканстытуцыйны пераварот і ўсталяванне дыктатуры.
Перад гэтым дзевятнаццаць дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэферэндуму аб скасаванні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, змене дзяржаўных сімвалаў, інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.
Дэпутаты былі збітыя людзьмі ў чорных масках і выкінутыя з парламенту. Адбыўся сілавы пераварот. У аперацыі бралі ўдзел больш як 600 байцоў і афіцэраў.
Пасля гэтага 14 траўня 1995 года прайшоў першы ў гісторыі Рэспублікі Беларусь рэферэндум. У выніку якога краіна змяніла дзяржаўную сімволіку часоў адноўленай незалежнасці — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг — на падпраўленыя савецкія сімвалы. Расейская мова набыла статус дзяржаўнай побач з беларускай. Былі зроблены змены ў Канстытуцыю, якія надалі права прэзідэнту распускаць парламент.
